Аператыўнікі з Гомеля сарвалі выезд у Нямеччыну сэкс-рабыняў

Аператыўнікі з Гомеля сарвалі выезд у Нямеччыну сэкс-рабыняў

Аператыўнікі Гомельскага ўпраўлення ўнутраных спраў сарвалі выезд з Беларусі ў Нямеччыну сэкс-рабыняў. Яны затрымалі ў Мінску 44-гадовага нямецкага грамадзяніна, які займаўся вярбоўкай беларусак для працы ў бардэлях Еўропы.

Як інфармуе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама, спачатку мужчына шукаў кандыдатак праз інтэрнэт. Ён адразу казаў ім, чым давядзецца займацца, абяцаў заробак ад 2 тысяч еўра. Пасля немец прыехаў у Беларусь. У Гомелі ён сустрэўся з трыма дзяўчатамі, папрасіў іх зрабіць эратычныя здымкі для дэманстрацыі гаспадару бардэля.

Аднак за замежнікам ужо сачылі праваахоўнікі. Яны далі магчымасць яму выехаць у Мінск, спадзяючыся, што і там ён завербаваў беларусак. Сапраўды, грамадзянін Нямеччыны сустрэўся з некалькімі дзяўчатамі. 1 красавіка яго затрымалі. На допыце ён паведаміў, што за кожную прывезеную дзяўчыну мусіў атрымаць тысячу еўра. 6 завербаваных беларусак планавалася адправіць на працу ў адзін з нямецкіх бардэляў. Для адной з іх ужо паспелі зрабіць візу.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле "гандаль людзьмі" (ч. 2 арт. 181 КК Беларусі). Замежніку пагражае ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі, ён знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Гомелі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі