“Апельсін Alive” і вясновае абвастрэнне

17 красавіка ў сталічным рэстаране «Яблоко» адбудзецца крэатыўна-пазітыўная вечарына «APPLEсін», якая з'яднае вясенні настрой, жывую музыку, паэзію і тэатральныя экспромты. У праграме возьмуць удзел этнаджазавы гурт "AKANA-NHS", трас-поп калектыў “Разбітае сэрца пацана”, гурт “Босае сонца” і тэатр “Кампанія”. Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай дню народзінаў праекта, яго арганізатар
Зміцер Саладуха распавёў Еўрарадыё пра мэту будучай імпрэзы:

Зміцер Саладуха:
“Наш канцэрт будзе не інтэлектуальным, а эмацыянальным. Як вясновае абвастрэнне… Як выбух лірыкі і пазітыву… Адна з нашых мэтаў – сабраць у адным месцы людзей самых розных мастацкіх аўдыторый, густаў, творчых захапленняў – музыкантаў, тэатралаў, аматараў паэзіі. Адным словам, людзей крэатыўных па вобразу думкі і жыцця”.

Полістылістычны мікст будзе прапанаваны і ў музычным аздабленні вечарыны. Двое з яе ўдзельнікаў – “AKANA-NHS” і “Босае сонца” – сумесна выканаюць некалькі імправізаваных кампазіцый:

“Такія эксперыменты вельмі карысныя для нас, як музыкантаў, – гаворыць Руся, удзельніца “AKANA-NHS”. – Гэта фарміруе адкрытасць мыслення і творчага самавыяўлення. Бо акрамя сваёй музыкі, ты вучышся чуць музыку іншага і імгненна на яе рэагаваць. З гуртом “Босае сонца”  мы не мелі досведу сумесных выступаў. Але ўпэўнена, што гэта будзе вельмі цікава і незвычайна, як для нас, так і для публікі”.

Паэтычна-драматычную частку імпрэзы забяспечыць Андрэй Саўчанка, кіраўнік тэатра “Кампанія” і ягоныя студэнты-французы, якія авалодваюць акцёрскай прафесіяй у сталічнай Акадэміі мастацтваў.

Пачатак «APPLEсін»-party – 19.00.        



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі