Андрус Кубілюс: Сяброўства ў Савеце Еўропы ўзмоцніць незалежнасць Беларусі

Андрус Кубілюс: Сяброўства ў Савеце Еўропы ўзмоцніць незалежнасць Беларусі

У Савеце Еўропы завяршыўся першы этап кампаніі па выбарах новага генеральнага сакратара. Зарэгістраваныя чатыры прэтэндэнты на пасаду: намеснік прэм’ер-міністра, міністр замежных і еўрапейскіх спраў, міністр абароны Бельгіі Дзід’е Рэйндэрс, былы прэм’ер-міністр, дэпутат Сейма Літвы Андрус Кубілюс, былая мінстр замежных спраў, дэпутат парламента Грэцыі Дора Бакаяніс і намесніца прэм’ер-міністра, міністр замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Марыя Пейчынавіч.

Хто з іх стане 14-м генсекам Савета Еўропы, стане вядома ў чэрвені 2019-га года. Цяпер кандыдаты рыхтуюцца да сумоўя ў Камітэце міністраў. Сваеасаблівае сумоўе па пытаннях будучых ўзаемаадносін Савета Еўропы і Беларусі карэспандэнт Еўрарадыё правёў з кандыдатам на пасаду генсека Савета Еўропы ад Літвы Андрусам Кубілюсам.

Даведка Еўрарадыё: Андрус Кубілюс шмат гадоў быў лідарам апазыцыйнай партыі кансэрватараў Літвы, якая з'яўляецца актыўным крытыкам Расіі. Пасаду прэм'ер-міністра Літвы ён займаў у 1999-2000 і ў 2008-2012 гадах.

Генеральны сакратар Савета Еўропы абіраецца на пяцігадовы тэрмін галасаваннем у Парламенцкай асамблеі рады Еўропы. Кандыдатуру Кубілюса падтрымалі ў Еўрапейскай народнай партыі, якая аб'ядноўвае кансерватараў краін Еўропы.

Еўрарадыё: Што трэба зрабіць для таго, каб узаемадзеянне Савета Еўропы і Беларусі было больш актыўным?

Адрус Кублілюс: Не сакрэт, што Беларусь не выконвае адно вельмі сур’ёзнае юрыдычнае патрабаванне Савета Еўропы — адмену смяротнага пакарання. Для усіх краін-удзльнікаў Савета Еўропы адмена смяротнага пакарання з’яўляецца прынцыповым пытаннем. Безумоўна, для нас вельмі важныя і такія пытанні, як правы чалавека, каштоўнасці дэмакратыі і гэтак далей. Але забарона смяротнага пакарання — гэта першае і самае галоўнае патрабаванне, без яго выканання паўнавартасным удзельнікам Савета Еўропы краіна стаць не можа. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, якая не адмяніла смяротнае пакаранне, і таму яна не можа падпісаць Канвенцыю па правах чалавека.

Еўрарадыё: Савет Еўропы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь стала ўдзельніцай гэтай арганізацыі, ці пазіцыя такая: “Гэта найцперш трэба вам, а не нам, і чаму мы будзем нешта прыдумляць, неяк угаворваць Беларусь стаць краінай-сябрам СЕ?”.

Адрус Кублілюс: У такім пытанні канчатковае рашэнне за дзяржавай — хоча яна быць сябрам СЕ ці не. Але ж грамадзяне краіны атрымліваюць ад такога сяброўства шмат выгад. Да прыкладу, калі краіна з’яўляецца ўдзльнікам Савета Еўропы і падпісала Канвенцыю па правах чалавека, то грамадзяне гэтай краіны могуць звяртацца ў пошуках праўды і справядлівасці ў суд па правах чалавека ў Страсбургу. Гэта вельмі моцны інструмент, калі чалавек не можа дабіцца справядлівасці ў нацыянальным судзе, то суд у Страсбургу дапаможа. Беларусь павінна быць зацікаўленая ў тым, каб яе грамадзяне таксама мелі такую магчымасць — звяртацца ў суд у Страсбургу.

З іншага боку, Савет Еўропы ствараўся ў 1949 годзе з мэтай аб’яднання ўсёй Еўропы на падмурку канкрэтных каштоўнасцей: правы чалавека, прававая дзяржава і дэмакратыя. З гэтага пункту гледжання, і Савет Еўропы, і Еўрасаюз зацікаўленыя ў тым, каб дапамагчы Беларусі ісці тым жа шляхам, якім ідуць іншыя еўрапейскія дзяржавы.

Еўрарадыё: Вы цяпер кажаце пра тое, чым удзел Беларусі ў Савеце Еўропы выгадны шараговым беларусам. Але дзе ж тут выгада для беларускіх уладаў? Не думаю, што ўлады Беларусі так ужо хочуць, каб у нас была магчымасць звяртацца ў Страсбургскі суд…

Адрус Кублілюс: Так, уладам Беларусі нам цяжка нешта сказаць… У іншых дзяржавах улады клапоцяцца пра тое, каб даць сваім грамадзянам усе тыя магчымасці, якія ім дапамагаюць лепей жыць. Але калі ў краіне такая сітуацыя з дэмакратыяй, як у Беларусі, то дасягнуць гармоніі паміж грамадзянамі і ўладай складана.

Сяброўства ў Савеце Еўропы дае магчымасць ўладам Беларусі стаць больш паўнавартасным удзельнікам еўрапейскай супольнасці. Гэта патрэбна хаця б для таго, каб яшчэ больш узмацніць суверэнітэт сваёй краіны. Быць залежнымі толькі ад аднаго вялікага суседа на ўсходзе, для Беларусі гэта геапалітычна не вельмі бяспечна.

Еўрарадыё: Пра геапалітыку. Вядома, што ва ўсіх міжнародных арганізацыях Беларусь галасуе на карысць Расіі. Будзе наша краіна сябрам СЕ — Расія і там займее дадатковага саюзніка…

Адрус Кублілюс: Не думаю, што такая сітуацыя была б балючай для ўсяго Савета Еўропы. Тут найперш трэба думаць пра тое, што, ідучы па шляху збліжэння з Саветам Еўропы, Беларусь бы ўмацоўвала свой суверэнітэт. А ў такой сітуацыі пытанне, падтрымліваць Расію ці не, гэта ўжо другаснае пытанне. Сёння ж уладам Беларусі трэба вызначыцца з тым, ці хочуць яны для сваіх грамадзян ствараць такія ж умовы, якія маюць грамадзяне іншых краін Еўропы.

Еўрарадыё: Пытанне да вас, як да прадстаўніка Літвы: будаўніцтва непадалёк ад мяжы з Літвой Беларускай атамнай станцыі выклікала ў вашай краіне вялікую незадаволенасць. Гэта прывяло да таго, што Літва заблакавала Беларусі магчымасць падпісаць важны для нас еўрапейскі дакумент — “Прыярытэты партнёрства”. Ці магчымы кампраміс, які б задаволіў абодва бакі?

Адрус Кублілюс: Наша пазіцыя вельмі канкрэтная: будаўніцтва гэтай атамнай станцыі супярэчыць усім міжнародным дамоўленасцям, і яна стварае стратэгічную небяспеку для нашай сталіцы. Мы не адзін раз звярталіся да ўладаў Беларусі з прапановай аб спыненні гэтага праекта. Зразумейце, па гэтым пытанні я не магу нічога сказаць апроч таго, што пытанне БелАЭС — гэта пытанне нашай дзяржаўнай бяспекі. Адпаведна, мы баронім сваю бяспеку тымі інструментамі, якія толькі можам знайсці.

Камітэт міністраў правядзе сумоўе з чатырма кандыдатамі ў сакавіку 2019 года і вызначыць канчатковы спіс кандыдатаў, які будзе перададзены Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Затым Парламенцкая асамблея прыступіць да выбараў наступнага генеральнага сакратара, якія павінны адбыцца ў чэрвені 2019 года. Мандат новага генеральнага сакратара пачынаецца 1 кастрычніка 2019 года.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 14.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі