Анархісты абнародавалі відэа, як падпальвалі падатковую ў Гомелі

На сайце revbel.net з'явілася відэа нападу на падатковую інспекцыю ў Гомелі. 

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў ноч на 24 сакавіка. Пры нападзе было пашкоджанае акно. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. 

Адказнасць за напад узялі на сябе анархісты. У сваім тлумачэнні яны кажуць, што напад канкрэтна на гэты будынак для іх быў не прынцыповы. 

"Падышла б і любая іншая інспекцыя: абласная, гарадская, раённая — усё роўна. Кожная з іх заслужыла народнай помсты. Падаткавікі спраўна тэлефанавалі і рассылалі "лісты шчасця" аб збіранні падатку з беспрацоўных. У той самы час, калі народ у Беларусі задушаны эканамічным шантажом і вымагальніцтвам з боку дзяржавы, і цвёрда сказаў: "Баста! падатку і рэжыму!"; калі пратэстоўцы ставяць пад сумнеў дзяржаўную палітыку і абураныя працай падатковых інспекцый, чыноўнікі, якія заселі ў кабінетах, працягваюць патураць уладам у абкраданні працоўных і часова беспрацоўных. Яны не задумваюцца аб тым, што з'яўляюцца саўдзельнікамі дзяржаўнага рэкету, г.зн. злачынства, якое ўключае ў сябе цэлы спіс карных мераў у дачыненні да простых людзей: шантаж, вымагальніцтва, пагрозы, рэпрэсіі, прымус да сацыяльна-эканамічнага рабства", — гаворыцца на сайце revbel.net.

Подпіс пад зваротам — "Група абураных анархістаў".