Анархіст Зміцер Паліенка затрыманы ў будынку суда

Анархіст Зміцер Паліенка затрыманы ў будынку суда

Анархіст Зміцер Паліенка затрыманы ў будынку суда Першамайскага раёна Мінска. Пра гэта піша ў фэйсбуку журналістка Яўгенія Доўгая:

"Дзмітрый Паліенка схоплены шасцю АМАПаўцамі ў будынку Першамайскага суда Мінска і звезены ў невядомым кірунку". 

Згодна з пратаколам, Паліенку выклікалі ў суд, бо ён "ажыццявіў публічны заклік да правядзення масавага мерапрыемства, флэшмоба з парушэннем устаноўленага парадку яго арганізацыі і правядзення", чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Маўляў, анархіст 23 чэрвеня на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках заклікаў беларусаў адкрываць вокны, выходзіць на балконы і стукаць каструлямі, пляскаць у далоні і ўключаць пратэстную музыку.

У будынак суда Паліенка прыйшоў з плакатам "Такіх, як я, 97%", яго сарваў міліцыянт. Падчас самога судовага паседжання пратакол адправілі на дапрацоўку. Потым азнаёміцца з паперай Паліенку прапанавалі ў калідоры, дзе анархіст і яго група падтрымкі былі зачыненыя на ключ. Жонка Змітра, Наста, вяла стрымы з будынка суда. Паглядзіце, як гэта было.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", падчас узнаўлення судовага паседжання Паліенка не пагадзіўся з пратаколам і адмовіўся далей прысутнічаць у судзе. Ён направіўся да выхада, і ў калідоры яго схапілі 6 супрацоўнікаў АМАПу і гвалтоўна пацягнулі ў міліцэйскую машыну. Дзмітрыя звезлі ў невядомым накірунку на серабрыстай "шкодзе". Пры гэтым працэс яшчэ не скончыўся. Праз палову гадзіны Дзмітрыя Паліенку прывезлі назад у суд. Ён кажа, што амапаўцы яго збілі.

Падчас перапынку Дзмітрыю не далі выйсці з будынку суда, і зноў завялі ў машыну з амапаўцамі. Ён паспеў паведаміць праваабаронцам, што яго вазілі ў Маскоўскі РУУС (раніцай анархісту прывезлі павестку ў міліцыю людзі ў цывільным) і апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі. 

Паліенку прысудзілі 15 сутак арышту. Пад канвоем яго забралі адбываць пакаранне

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі