Аляксею Навальнаму выставілі новае абвінавачванне

Аляксею Навальнаму выставілі новае абвінавачванне

Расійскаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму выставілі новае абвінавачванне. На гэты раз у "стварэнні арганізацыі, якая робіць замах на асобу і правы грамадзян" (ч. 2 арт. 239 КК РФ), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Расіі.

Крымінальную справу распачалі яшчэ ў красавіку 2021-га. Па ёй праходзяць таксама паплечнікі Навальнага Леанід Волкаў і Іван Жданаў. Аляксей Навальны стварыў Фонд барацьбы з карупцыяй, які сёлета рашэннем суда быў прызнаны ў РФ экстрэмісцкай арганізацыяй і ліквідаваны. У віну апазіцыянерам ставяць распаўсюд публікацый, "якія ўтрымлівалі заклікі да ўдзелу грамадзян Расійскай Федэрацыі ў няўзгодненых мітынгах у студзені бягучага года".

Навальны вярнуўся ў Расію ў студзені 2021 года пасля лячэння ў Германіі. Туды яго вывезлі пасля атручвання ў РФ. Апазіцыянера адразу ж затрымалі ў аэрапорце. У лютым умоўны тэрмін 3 гады і 6 месяцаў па справе "Іў Рашэ" яму замянілі на рэальны. Аляксея Навальнага адправілі ў калонію агульнага рэжыму на 2 гады і 8 месяцаў.

Вясной сёлета "Міжнародная амністыя" прызнала Навальнага вязнем сумлення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі