Аляксандр Патліс. "Читай мои мысли"

Папулярная музыка, згодна з агульнасусветнымі канонамі, гэта не толькі Лэдзі Гага і Джасцін Цімберлэйк, а яшчэ й Franz Ferdinand, Depeshe Mode, Metallica, Том Уэйтс, AC/DC і гэтак далей. Беларуская папулярная музыка, паводле айчынных радыё і тэлевізара, - гэта асобны сусвет, чысты і акуратны, вылізаны і прычасаны, які хораша спявае пра любоў да роднай старонкі, “ты і я” і сучасныя сродкі камунікацыі. У гэтай беларускай музыцы Слава Нагорны ніколі не паб’е Лесю Кодуш, Аня Шаркунова ніколі не пацалуецца ўзасос з Ірынай Дарафеевай, а прыхільнікі Сашы Нэма ніколі не абрушаць сэрвіс Amazon. У гэтай музыцы не трэба свавольнічаць. Усё сур’ёзна! Усё вельмі сур’ёзна! Саладуха на такім сур’ёзным фоне выглядае проста каралём эпатажу.

У вакууме пад назвай беларуская папулярная музыка, куды з цяжкасцю пранікаюць новыя думкі і ідэі, цяжка існаваць. Я не сумняваюся. Цяжка быць заўважным нават для мас, не кажучы пра выбраных. Аляксандр Патліс, знешне цалкам адпавядаючы беларускім уяўленням пра імідж артыста(апраніце Славу Нагорнаму акуляры і будзе вам Аляксандр Патліс), спрабуе, дзякуючы безумоўнаму таленту, добраму густу і фінансавым магчымасцям быць “на плыву”. У 2006 годзе фронтмэн “Новага Іерусаліму” стаў сольным спеваком. І вось яго другі альбом “Читай мои мысли”.

Першае, што “паправіў” спявак – тэксты. Хрысціянская тэматыка тут саступіла месца тэматыцы свецкай. Тым не менш, гэта роздумы пра жыццё, пра каханне, пра “разумное, доброе, вечное”. Патліс-паэт не напружвае. Пераконвае.

У музычным плане да Патліса таксама няма асаблівых прэтэнзій: не благі ПОП-рок, дыхтоўныя і модныя аранжыроўкі і прафесійнае выкананне, роздумы і прыпынкі ў баладных нумарах(“Время сказать”), погляды ў бок электрычнага року, да якога ўсё яшчэ ідзе гурт Dali, у энергічных трэках (“Hello”).

Адзінае, што бянтэжыць – агульнасць матэрыялу. Нягледзячы на спробы эксперыментаў з гукам і вакалам, песні цяжка індэтыфікаваць з адным канкрэтным выканаўцам – Аляксандрам Патлісам. Песні з альбома “Читай мои мысли” можа выконваць любы добры спявак. І як раз такі тэмбр Патліса – запамінальны і прыгожы - ратуе сітуацыю. Таму можа і не варта Аляксандру спяваць “салодка” і далей, як гэта ёсць у некаторых трэках дыску (“Читай мои мысли”).

Безумоўны хіт пласцінкі – песня “Кто сказал?” – ну проста сапраўднае “А-Студыа”! Давялося нават пакорпацца ў дыскаграфіі заслужанага калектыву з думкай, ці не з’яўляецца песня “Кто сказал?” каверам твора поп-гурта. Не! Але песня ну вельмі запамінальная!

Вянчае альбом жыццесцвярджальны гімн-дуэт Патліса і дзіцячага хору “Словно звёзды во тьме”, які з’яўляецца квінтэссенцыяй ідэй альбома – “Словно звёзды во тьме мы на этой земле. Мы горим не сгорая, мы возвышаем любовь”. Добрая праца пра любоў, якая, у адрозненні ад папярэдняй пласцінкі “Второе дыхание”, знойдзе больш прыхільнікаў і слухачоў.

P.S. Заўвага: ва ўкраінскай мове слова “зямля” гучыць як “зЭмля”, а “жыцця” як “жыТТя”. І тут атрымалася ўкраінская мова з беларускім акцэнтам. Можна рабіць такія хібы на канцэртах. На альбомах – не!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі