Вы тут

Алену Леўчанка аштрафавалі на 810 рублёў

Алена Леўчанка / fiba.com

Баскетбалістку Алену Леўчанка аштрафавалі на 810 рублёў (30 базавых велічыняў). Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Гаворка ішла пра акцыю 20 верасня, падчас якой дзяўчына несла расцяжку "Народ — чэмпіён!".

Леўчанка — адна з 830 спартоўцаў, якія выказаліся супраць фальсіфікацыяў на выбарах і садызму сілавікоў. 30 верасня яе затрымалі перад вылетам у Германію на планавае лячэнне. У той жа дзень засудзілі на 15 сутак. Зранку 15 кастрычніка спартоўку мусілі выпусціць з Акрэсціна, але замест гэтага прызначылі новы суд. 

Падчас сённяшняга суда Леўчанка расказала пра жахлівыя ўмовы ўтрымання ў ізалятары: "Канфіскавалі матрац і бялізну. Няма гарачай вады. Не вадзілі ў душ апошнія 13 дзён. Адключылі зліў у прыбіральні. Гэта рассаднік бактэрый. Аднойчы не вадзілі гуляць 5 дзён. З'явіліся вошы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.