Akute, Green Pepper, BosaeSonca

120208 Agljadacha.mp3

 

Так, у інтэрнэце з’явіўся новы рэліз гурта Akute пад назвай "Kroŭ EP", загалоўнай кампазіцыяй якога стала песня "Кроў бы вада". Гэта першы сінгл з будучага альбома, які мусіць з’явіцца гэтай вясной.

Распачынаючы працу над запісам другога альбому, гурт Akute абяцаў спусціцца з касмічных прастораў першай пласцінкі на зямлю і нават глыбей – у пекла. Па сінгле "Kroŭ EP" цяжка меркаваць, наколькі гэта ў музыкантаў атрымаецца, але пакуль Akute  даюць пацвярджэнне, што будучая пласцінка і сапраўды будзе, як мінімум, крывавай. Але не тое, каб вельмі страшнай і "пякельнай".

Акрамя загалоўнай кампазіцыі, на новым сінгле ёсць прыемныя бонусы -  "Кроў бы вада" загучала ў разнастайных апрацоўках ад беларускіх праектаў ideainahead, B_Side і Pryzma, а таксама ад прадстаўнікоў маскоўскай хіп-хоп-сцэны – праекта "Манижа & Миша Мищенко", якія літаральна за адзін дзень зрабілі сваю версію песні. Самае цікавае гучанне, бадай што, песня атрымала ў трып-хоп версіі гурта B_Side. Паслухайце самі.

Як бачыце, пакуль Akute толькі абяцаюць прайсці праз усе пякельныя колы. Але шалёнаму натоўпу "акутаўскіх" дзевачак сінгл спадабаецца.

Яшчэ адзін сінгл,пра які мы пагаворым сёння, ад англамоўных поп-рокераў Green Pepper пад назвай Empty Reality. Зараз гурт актыўна збіраецца "за кардон" і разглядае варыянты супрацоўніцтва з заходнімі лэйбламі. Як распавядаюць самі музыканты, "гэтым разам усё сапраўды сур’ёзна".

Што ж, паглядзім. У сінгл увайшлі дзве кампазіцыі, у якіх амбітныя ды сапраўды зялёныя Green Pepper (музыкантам няма яшчэ і 20 гадоў) спрабуюць стаць больш агрэсіўнымі і  драйвовымі. Але, сяркуючы па матэрыяле "Empty Reality",  гурт зноўку гуляе то ў ціхія балады, то ў драйвовыя гітарныя кампазіцыі.  Сінгл адкрываецца  рашучымі гітарнымі сола Gimme More Fashion,  падчас якой вакаліст каманды Даніэль Перцаў то нешта рычыць у мікрафон, то салодка і распеўна смакуе кожнае слова. Напрыканцы кампазіцыі нечакана далучаецца спецыфічны "бэк-вакал" – па-за гітарамі ненатуральна  "енчыць"  дзяўчына.

Ужо ў другой кампазіцыі, "Empty Reality", якая і дала назву сінглу, Даніель Перцаў вяртаецца да характэрнага першаму альбому каманды  з летуценнага настрою і нейкага рамантычнага спліну. З такімі песнямі  бавяць самотныя ночы ў інтэрнатах, але вакалу Даніэля відавочна не хапае моцы і гіпнатычнасці для паўнаты карцінкі. Ад залішняй саладжавасці кампазіцыю страхуюць хіба што гітары ў прыпеве.

Хочацца верыць, што ўсё ж такі ў другой пласцінцы музыкі вызначацца са стылем, тэкстамі і заадно планамі на будучыню.

Гурт BosaeSonca пераасэнсаваў свае старыя творы і выпусціў міні-альбом "Shara". Атрымаўся ненапружаны, вясёлы альбом са святочным настроем. Ёсць тут і рок-н-рол, і фанкавыя мелодыі, з кожнай кампазіцыі так і прэ энергія шчасця і суцэльная эндарфінная плынь.

Міні-альбом "Shara" будзе выдадзены лімітаваным накладам на CD. Акрамя 4-х кампазіцый, музыканты абяцаюць дапоўніць пласцінку бонусамі і выканаць яе ў эксклюзіўным дызайне. Зараз гурт працуе над дэбютным паўнафарматным альбомам. Што ж, чакаем і спадзяемся, што пласцінка атрымаецца такой жа пазітыўнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі