Акцыя пратэсту ў падтрымку мігрантаў пройдзе ў Вільнюсе ў нядзелю

Арганізатары акцыі не хочуць, каб літоўская мяжа "ператварылася ў могілкі" / Delfi.lt
Арганізатары акцыі не хочуць, каб літоўская мяжа "ператварылася ў могілкі" / Delfi.lt

У Вільнюсе каля будынка ўрада ў нядзелю адбудзецца акцыя пратэсту супраць палітыкі краіны ў дачыненні да мігрантаў "Просьба аб прытулку — не злачынства", паведамляе Delfi.lt.

Арганізатарамі акцыі выступаюць Літоўская рада бежанцаў, прафсаюз 1 траўня, студэнцкі рух "Кліч". Яны патрабуюць ад урада Літвы не вяртаць мігрантаў у Беларусь і дазволіць ім падаваць прашэнні аб прытулку. Арганізатары таксама патрабуюць палепшыць умовы пражывання мігрантаў у цэнтрах бежанцаў, аказваць ім меддапамогу і сацпаслугі, даць магчымасць няўрадавым арганізацыям дапамагаць просьбітам прытулку і сачыць за выкананнем іх правоў.

"Мы спрабуем дапамагчы, чым можам, збіраем гуманітарную дапамогу, але калі не будзе дапамогі дзяржустаноў, наўрад ці ўдасца пазбегнуць смерцяў. Мы супраць таго, каб наша мяжа ператварылася ў могілкі, таму не можам маўчаць і патрабуем адказнасці ад кіраўніцтва краіны", — сказала адна з арганізатараў акцыі, прадстаўнік прафсаюза 1 траўня Эмілія Швабайтэ.

Па словах арганізатараў акцыі, невядома, колькі мігрантаў зараз знаходзіцца на літоўска-беларускай мяжы — памежнікі з абодвух бакоў не ўпускаюць іх на тэрыторыю сваіх краін. У той жа час у мігрантаў няма магчымасці з'ехаць дадому.

У гэтым годзе з Беларусі ў Літву незаконна трапілі амаль 4,2 тысячы мігрантаў. За перыяд з 2 жніўня, калі сталі прымяняць тактыку разгортвання мігрантаў, у краіну не прапушчана каля 5,6 тысяч замежнікаў. Вільнюс абвінавачвае Мінск у арганізацыі плыні мігрантаў і называе гэта гібрыднай агрэсіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі