Вы тут

Адвакаты запісалі песню на словы Максіма Знака

Максім Знак / Еўрарадыё

9 кастрычніка спаўняецца роўна месяц з часу затрымання адваката Максіма Знака, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады. Яго калегі-адвакаты з гэтай нагоды запісалі песню на верш, які Знак перадаў з-за кратаў. 

Музыку на верш Максіма напісаў Аляксандр Міцкевіч. Відэа апублікаваў у Фэйсбуку адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

У запісе ўдзельнічалі:

Дзмітрый Лаеўскі, адвакат — гітара, вакал;

Уладзімір Пыльчанка, адвакат — гітара, вакал;

Яўген Пыльчанка, адвакат — бас-гітара;

Юлія Стальмахова, адвакат — перкусія.

"Гэтай песняй працягваецца наша музычная падтрымка Максіма Знака. І з гэтага моманту — пад назвай Вакальна-інструментальны ансамбль "Прававы дэфолт" імя М. Знака", — напісаў Лаеўскі.

***
Яны думалі — нас пахавалі...
А мы — бульба! Як нас пахаваць?
Мы зялёным зямлю прабівалі,
Спрабавалі да неба дастаць.

Яны рэзалі нас на кавалкі,
Але кожны прарваўся наверх.
Стала болей нас! Неспадзяванка!
Вось! Трымайце яшчэ адзін мех!

Яны у цемры мяхі пакідалі,
Яны думалі — гэта адказ.
Але мы прарасталі ў падвале!
Мы — жывыя! Не знішчыце нас!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.