Вы тут

Адток укладаў, адмова ад крэдытаў: ці вытрымае банкаўская сістэма

Нацбанк Беларусі / vminsk.by

Беларускія банкі адчуваюць цяжкасці праз адток дэпазітаў. Аднак пакуль выпадкаў невыканання абавязацельстваў перад укладчыкамі не было, хоць яшчэ ў канцы жніўня Нацбанк перастаў выдаваць банкам рублёвую ліквіднасць па стаўцы рэфінансавання (7,75%).

Ці вытрымае банкаўская сістэма выпрабаванне "разгневанымі ўкладчыкамі"? Наколькі магчымы "аднамомантны" вывад вялікай колькасці дэпазітаў? Пагаварылі пра гэта з экспертамі.

Адток дэпазітаў сур'ёзны...

— У кожнага банка свае праблемы, але асноўная на рынку — нястача грашовых сродкаў. Таму большасць банкаў згарнула крэдытаванне. Тыя, у каго ёсць прапановы, паведамілі нам, што гэта можа ў любы момант змяніцца, — кажа галоўны рэдактар Myfin.by Уладзімір Лужнёў.

Нягледзячы на напружанасць са сродкамі, банкі гатовыя даваць крэдытаатрымальнікам адтэрміноўкі і крэдытныя вакацыі.

Банкі нацэлены на прыцягненне кароткатэрміновых дэпазітаў / progomel.by

— Калі ўзнікаюць пытанні па праблемнай запазычанасці, то, як расказалі нам супрацоўнікі бакаў, яны заўсёды разглядаюцца ў індывідуальным парадку, — працягвае Лужнёў. — Большасць банкаў не афішуе гэта, напрыклад, у сябе на сайце. Часцяком яны ідуць насустрач, таму што ім важна, каб плацяжы ў прынцыпе паступалі. Больш выгадна зрабіць адтэрміноўку, чым пераводзіць кліента ў статус неплацельшчыка і праз суд спрабаваць нешта спагнаць.

— З аднаго боку, камерцыйныя банкі нацэленыя на прыцягненне кароткатэрміновых дэпазітаў у сістэму з боку грамадзян. З іншага боку, яны згарнулі крэдытныя праграмы. Такім чынам аптымізуюць структуру сваіх актываў і пасівы, што важна для банкаўскай сістэмы, — каментуе намеснік адміністрацыйнага дырэктара па развіцці BEROC Анастасія Лузгіна.

...але банкі пакуль вытрымліваюць

— Па нашых крыніцах з банкаў, праблема па адтоку сродкаў сур'ёзная, але адкрыта яны не будуць паведамляць такой інфармацыі. Пакуль банкі вытрымліваюць нагрузку, — кажа Уладзімір Лужнёў.

Аднак нават пры жаданні адначасова вывесці ўсе дэпазіты з банкаў насельніцтва не зможа. Рэч у тых тэрміновых дэпазітах, забраць якія да заканчэння ўстаноўленага тэрміну складана. Робіцца гэта толькі ў крайніх выпадках — са згоды банка.

— Працэс будзе расцягнуты на некалькі месяцаў. Калі скончацца тэрміны ўкладаў, людзі, хутчэй за ўсё, будуць іх забіраць, зыходзячы з грамадска-палітычнай сітуацыі.

— Калі трэнд на зняцце дэпазітаў захаваецца, гэта будзе безумоўна негатыўна ўплываць на банкаўскую сістэму. Але і камерцыйныя банкі, і Нацыянальны банк працуюць для таго, каб гэтую тэндэнцыю аслабіць. За адзін раз вывесці ўсе дэпазіты наўрад ці будзе магчыма, бо высокая доля безадзыўных дэпазітаў. Акрамя таго, акрамя насельніцтва ёсць прадпрыемствы, якія не закрыюць свае рахункі, — працягвае Анастасія Лузгіна.

Замежжа ім дапаможа

 

Банкі з замежным капіталам могуць разлічваць на падтрымку матчыных кампаній

Для таго каб вяртаць людзям дэпазіты, камерцыйныя банкі могуць пазычаць грошы ў Нацбанка. Але апошнім часам гэта дорага каштуе.

— Стаўкі па крэдытных аўкцыёнах Нацбанка знаходзіліся ў межах 18–20%. Рэч у тым, што Нацбанк працуе ў даволі жорсткіх умовах. Ён вырашыў, што разумным варыянтам пагашэння валютнай панікі будзе перакрыць магчымасць мяняць беларускія рублі на замежную валюту, — дзеліцца яшчэ адной думкай Уладзімір Лужнёў. — Можна было, вядома, абмежаваць хаджэнне валюты, але яны зрабілі абмежаванне па рублёвай масе, каб фактычна не было чаго мяняць на валюту.

На думку эксперта, праблема стратэгіі Нацбанка ў тым, што доўга функцыянаваць банкаўская сістэма ў такім рэжыме не зможа.

У банкаў з замежным капіталам таксама ёсць магчымасць закрыць адток укладаў, узяўшы крэдытную лінію ў матчыных кампаній.

— У тэорыі, банкаўская сістэма не павінна памерці, нават калі ўсе пойдуць забіраць свае дэпазіты. Акрамя таго, што гэты працэс будзе расцягнуты ў часе, у банкаў ёсць пэўныя сумы для падстрахоўкі, — падсумоўвае Лужнёў.

Як Нацбанк уплывае на курсы долара і еўра

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур / TUT.by

Ваганні валютнага курса былі выкліканыя ўзрослымі інфляцыйнымі і дэвальвацыйнымі чаканнямі, як з боку фізічных асоб, так і з боку прадпрыемстваў. Гэтыя чаканні рэалізаваліся ў павышаным попыце на замежную валюту.

— У жніўні курсы замежных валют пачалі расці ў адносінах да беларускага рубля. У тым ліку праз гэта былі прынятыя рашэнні Нацыянальнага банка аб узмацненні жорсткасці палітыкі ў галіне ліквіднасці, але сёння мы бачым, што дынаміка курса выраўнавалася і беларускі рубель нейкі час умацоўваўся, — кажа Анастасія Лузгіна.

Уладзімір Драгун: меры Нацбанка адэкватныя 

Ад каментароў пра бягучыя трэнды ў банкаўскім сектары старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Уладзімір Драгун устрымаўся, але адзначыў, што банкі працуюць у рамках, якія ім паставіў Нацбанк, і выконваюць абавязацельствы перад кліентамі.

— Нацбанк робіць захады зыходзячы з глыбокага аналізу сітуацыі і прагнозаў. Таму думаю, што гэта адэкватныя меры. Як яны адлюстроўваюцца на рабоце банкаў — пытанне да кожнага банка, бо яны выбудоўваюць сваю працу зыходзячы са сваіх прагнозаў і становішча.

Гаворачы пра масавае зняцце сродкаў з дэпазітаў, суразмоўца адзначае, што пакуль няма выпадкаў адмовы банкаў ад іх вяртання.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.