Вы тут

Адміну "Белых халатаў" пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі

Уладзіслаў Марціновіч / spring96.org​

Справа ў дачыненні да студэнта Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Уладзіслава Марціновіча перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. СК паведаміў аб завяршэнні расследавання.

Следства лічыць, што менавіта 21-гадовы Марціновіч стварыў тэлеграм-канал "Белыя халаты" з мэтай "уздзеяння на свядомасць і волю работнікаў аховы здароўя і медыцыны". 

Дзейнасць студэнта, лічыць следства, была накіраваныя "на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму".

У матэрыялах справы ёсць звесткі, што гэтыя дзеянні Марціновіч ажыццяўляў "па папярэдняй змове з іншымі асобамі, асоба якіх высвятляецца", і "з карыслівых памкненняў".

Уладзіслава Марціновіча затрымалі ў лістападзе 2020 года, з тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Першапачаткова паведамлялася, што справа ў дачыненні да яго распачатая паводле арт. 342 КК РБ (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак у СК кажуць, што абвінавачванне выстаўленае па ч. 3 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.