Адкрыццё гарналыжнага цэнтра "Сонечная даліна" зноў затрымліваецца

Снежныя гарматы ўжо засыпалі схілы ў "Сілічах" і "Лагойску", там пачнуць прымаць наведвальнікаў ужо з пятніцы. А сталічная "Сонечная даліна" адчынецца не раней за 16 снежня.

Пачаліся маразы і ў беларускіх гарналыжных цэнтрах запрацавалі снегавыя гарматы. Еўрарадыё даведалася, калі ўжо аматары лыжаў змогуць пакатацца з горных схілаў.
Ужо ў пятніцу адчыняць свае схілы гарналыжныя цэнтры "Сілічы" і "Лагойск". У "Сілічах" снегавыя пушкі працуюць ужо з мінулай суботы.
"Плануем ужо ў пятніцу пасля 17-00 пачаць прымаць людзей", – распавялі Еўрарадыё ў "Сілічах".
У размешчаным непадалёк гарналыжным комплексе "Лагойск" снег пачалі насыпаць з нядзелі.
"Мы плануем у пятніцу з 12 гадзінаў пачаць працаваць. Кошты ў нас амаль не змяніліся з мінулага года".
У новым сталічным комплексе "Сонечная даліна" снегавыя гарматы ўключылі ў панядзелак. Яны ўжо аснежваюць асноўны схіл. Праўда, сам будынак цэнтра яшчэ не адчыніўся. І нават калі снег будзе ляжаць на схілах, пакуль паперы не ўзгодненыя, гарналыжны комплекс не запрацуе.
"Наша служба бачыце гатовая, ужо пачалі рабіць снег, хаця цэнтр яшчэ не адчынены. У пятніцу апошняя планёрка перад адкрыццём. Мы ўбачым рэальны стан спраў. Зараз ўсе справы ляжаць у дзяржэкспертызе, атамнадзоры, паўсюдна, дзе патрэбныя ўзгадненні. Цэнтр да працы гатовы, патрэбныя толькі перадатачныя дакументы, а вось гэта ўжо не ад нас залежыць".
За арэнду лыж на гадзіну і пад'ёмнік у "Сілічах" давядзецца заплаціць 44 тысячы ў выхадны і 30 тысяч у працоўны дзень. У "Лагойску" незалежна ад дня за той жа набор з вас папросяць 27 тысяч. Абанемент на суткі ў "Лагойску" каштуе 95 тысяч, у "Сілічах" 130 у выхадны і 100 тысяч у працоўны, праўда яшчэ давядзецца патраціцца на кавярню і праезд. А вось уладальнікі "Сонечнай даліны" абяцаюць, што ў іх кошты будуць ніжэйшымі, ды і выязджаць з Мінска не трэба. Праўда, кошты пакуль узгадняюцца.

 Арэнда  Сілічы  Лагойск
 Горныя лыжы: гадзіна  15 000 (22 000 выходны)  14 000
 2 гадзіны  20 000 (27 000)  
 3 гадзіны  25 000 (32 000)  
 Суткі  50 000 (65 000)  45 000
 Пад'ёмнік: 1 пад'ём  5 000  3 500
 1 гадзіна  15 000 (22 000)  13 000
 2 гадзіны  20 000 (27 000)  
 3 гадзіны  25 000 (32 000)  
 Суткі  50 000 (65 000)  50 000
 Цюббінг:  8 000 (10 000) гадзіна  1 000 адзін пад'ём


Кошты на гарналыжны камплект і камплект для сноўборда аднолькавыя.



Фота: Віталь Ругайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі