Ад мора да мора: Украіна плануе запусціць рачныя перавозкі праз Беларусь

cargo-ukraine.com
cargo-ukraine.com

У 2020 годзе ва Украіне збіраюцца аднавіць "шлях з варагаў у грэкі". Мінінфраструктуры хоча развіваць унутраныя водныя шляхі для таго, каб злучыць Чорнае, Балтыйскае і Каспійскае моры. Для гэтага ўкраінцы плануюць супрацоўнічаць з Беларуссю, Польшчай і Грузіяй, перадае "Грамадскае".

"Калі нашы польскія суседзі падтрымаюць гэты праект, мы зможам сумясціць Балтыйскае, Чорнае і Каспійскае моры. Гэта вялікі выклік, і мы ўжо пачалі неабходныя працэдуры. Спадзяюся, з другой паловы 2020 года мы будзем гатовыя зрабіць першыя перавозкі ўнутраным водным транспартам з Беларусі да Чорнага мора", — паведаміў міністр інфраструктуры Уладзіслаў Крыклій.

Ён дадаў, што для рэалізацыі гэтага праекта ва Украіне будуць праводзіць работы па днопаглыбленні на рэках, у прыватнасці на Дняпры. Гэта павінна прывесці да росту аб'ёмаў грузаперавозак па Дняпры. Таксама ва ўрадзе чакаюць прыняцця шэрагу законаў аб унутраным водным транспарце.

У лістападзе 2018 года ў Беларусі разглядалі магчымасць будаўніцтва першага марскога порта. Ён павінен размяшчацца недалёка ад мяжы з Украінай на рацэ Дняпро. Год таму паведамлялася, бізнес-план будаўніцтва беларускага марскога порта распрацаваны і знаходзіцца на экспертызе ў Мінсктрансе. Праўда, з таго часу навін пра гэта не з'яўлялася.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі