8 гадзін знаходжання на плошчы да захворвання не прывядуць?

Следчыя Генпракуратуры працягваюць вывучаць дакументы справы па радыяцыйнай плітцы на плошчы Незалежнасці. Але ў Мінскім гарадскім Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі працягваюць сцвярджаць, што радыяцыйнае выпраменьванне не ўяўляе небяспекі для здароўя і нават знаходжанне там на працягу 8 гадзін штодня да захворвання не прывядзе. Нагадаем, пра тое, што тратуарная плітка, якой выкладзеная плошча Незалежнасці ў Мінску, мае павышаны радыеактыўны фон, Еўрарадыё даведалася 1 лістапада. Узровень радыяцыі ў ёй перавышае нармальны ў 2 разы, і гэтую плітку ўвогуле катэгарычна забаронена выкарыстоўваць на тэрыторыі горада. Але нягледзячы на тое, што чыноўнікі даведаліся пра гэта яшчэ у траўні, небяспечная плітка “ўпрыгожвае” плошчу да гэтага часу.


“Эфектыўная магутнасць гама-выпраменьванняў ад тратуарнай пліткі перавышае больш чым на 0,2мкЗв/гадз. магутнасць дозы фонавага выпраменьвання, што з’яўляецца недапушчальным пры праектаванні ў будаўніцтве”, — так запісана ў пратаколе выпрабаванняў аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў Сосны”.


Выканаўца абавязкаў загадчыка аддзялення радыяцыйнай гігіены гарадскога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ігар Альшэўскі абвінавачваць спецыялістаў Інстытута “Сосны” ў некампетэтнасці не стаў. Кажа, там усё правільна, але гэтыя лічбы радыяцыйнага выпраменьвання пагрозы не ўяўляюць.


Ігар Альшэўскі: “Тыя высновы зараз абмяркоўваюцца і апрацоўваюцца. Я не маю нічога супраць тых высноў. Але тыя высновы, мы іх пералічылі, дозы, якія чалавек можа атрымаць, яны да захворвання не прывядуць, тым больш, што мы пралічваем на чалавека, які будзе знаходзіцца там кожны дзень на працягу 8 гадзін”.


Між тым, вынікі паўторнай лабараторнай праверкі гранітнай пліткі, якую праводзяць спецыялісты Цэнтра, да гэтага часу не вядомыя. Хаця ўжо зараз яны гавораць аб адсутнасці небяспекі “плітачнага” выпраменьвання для здароўя людзей.


Ігар Альшэўскі:
“Праблемы для здароўя гранітная плітка, якая ляжыць на плошчы Незалежнасці, ніякай не ўяўляе. Там ёсць пэўныя нюансы, з якімі спецыялісты зараз разбіраюцца”.


Што гэта за нюансы, ён удакладняць не стаў. Але скаргі на пагаршэнне здароўя з-за павышанага радыяцыйнага фону пліткі супрацоўнікаў гандлёвага цэнтра “Сталіца” спецыяліст Цэнтра гігіены лічыць беспадстаўнымі. Па яго словах, да іх нават касмічная радыяцыя не даходзіць, не тое што ад пліткі на паверхні. Замеры Еўрарадыё гэта пацвердзілі – там радыяцыйны фон не перавышае 17 мікрарэнтген у гадзіну.


Ігар Альшэўскі:
“Там фон нават ніжэйшы, чым прыродны. За кошт таўшчыні зямлі і розных перакрыццяў там нават касмічнае выпраменьванне блакуецца, якое з космасу ідзе. Так што тое, што кажуць гандляры, яны няпраўду кажуць”.


Плітку на плошчы Незалежнасці хутчэй за ўсё мяняць не будуць. Па словах Ігара Альшэўскага, калі ў гэтым была патрэба, уся плошча даўно б была перакрыта і там ўжо працавалі б экскаватары.


Ігар Альшэўскі:
“Калі б пытанне стаяла так, што гэта радыяцыйная небяспека, даўно б усё было агароджана і віселі адпаведныя абмежавальныя знакі. Гэта б зрабіла наша служба, бо гэта наша работа”.


Цікава, што спецыялісты Цэнтра гігіены спяшаюцца ўсіх супакоіць, хаця прызнаюцца, што не ўсе лабараторныя даследаванні пліткі яшчэ правялі і не ўсе “высновы апрацавалі”. Інтрыгі дадае і наяўнасць справы “па плітцы” ў Генпракуратуры.


Начальнік прэс-службы Генпракуратуры Міхаіл Вавула паведаміў Еўрарадыё, што дакументы, якія ім перадалі з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і карупцыяй МУС, зараз вывучаюцца. Ці будзе паводле іх распачатая крымінальная справа, пакуль не вядома. Адмовіўся начальнік прэс-службы і ўдакладняць, што стала нагодай для міліцэйскай праверкі на плошчы Незалежнасці – наяўнасць у тратуарнай плітцы павышанага радыяцыйнага фону ці нейкія эканамічныя махлярствы з яе набыццём.


Міхаіл Вавула: “Праводзіцца праверка па ўсіх фактах, якія выкладзеныя ў матэрыялах, прадстаўленых у пракуратуру. Пакуль прававая ацэнка гэтым матэрыялам не дадзена”.


У залежнасці ад таго, да якіх высноў прыйдуць следчыя, будзе відаць, чым гэта справа завершыцца і ці прыйдуць на плошчу экскаватары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі