Вы тут

5 нечаканых рэчаў, якія існуюць у Крыме

Від на Мядзведую гару з трасы Ялта - Сімферопаль.

У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым, як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.

Усё гэта робіць жыццё на паўвостраве, так скажам, своеасаблівым. А жыхары Крыма штодня сутыкаюцца з сітуацыямі, якія большасці з нас пададуцца як мінімум незвычайнымі.

На вуліцы ў Сімферопалі.

1. Адсутнасць роўмінгу і паўлегальная мабільная сувязь.

Гэта, бадай, першае, з чым сутыкаешся пасля перасячэння КПП на мяжы Крыма і Украіны. Мая беларуская сімка, якая выдатна працавала падчас падарожжаў па Еўропе, Азіі і Афрыцы, на тэрыторыі Крыма працаваць адмовілася катэгарычна. Іконка ў правым верхнім куце экрана мабільніка паказвала адсутнасць сувязі. Уручную атрымалася знайсці адразу некалькі мабільных сетак з добрым сігналам, аднак усе яны былі заблакаваныя. "А я ж папярэджваў", ― толькі і змог сказаць наш мясцовы праваднік.

Калі не ўдавацца ў тэхнічныя падрабязнасці, то адсутнасць роўмінгу ― прамы вынік незразумелага юрыдычнага статуса Крыма. Гэта ж выклікае яшчэ адну цікавую асаблівасць мясцовай мабільнай сувязі. На тэрыторыі паўвострава адносна лёгка можна падключыцца да расійскага МТС. Вам прададуць сімку (нават з інтэрнэтам нядрэннай хуткасці), але калі яе ўставіць у мабільнік, то з'явіцца значок працы ў роўмінгу, а на капэрце з тэкстам дамовы і тарыфамі будзе шматзначна напісана "Для падключэння на тэрыторыі Краснадарскага краю". Пры гэтым кошты на званкі, смс і мабільны інтэрнэт застаюцца звычайнымі, а не павышанымі, як гэта бывае ў звыклым роўмінгу.

Сімферопальскі дворык.

2. Заблакаваны Android.

Дакладней, немагчымасць абнавіць сістэму і нават загрузіць аплікацыі з Play Store. Гэта таксама праз санкцыі. Пры спробе загрузіць патрэбную праграму на экране ўзнікае паведамленне аб памылцы і прабачэнні. Сама сістэма таксама не абнаўляецца, таму займець свежую версію Android жыхары паўвострава могуць толькі разам з тэлефонам, прывезеным з мацерыка. Яшчэ можна абнавіцца праз "партызанскі" доступ у інтэрнэт, але без дапамогі спецыяліста гэта зрабіць не так проста.

Цікава, што асноўныя канкурэнты прыладаў на Android, "яблычныя" дэвайсы Apple, абнаўляюцца без праблем.

3. Windows узору 2014 года.

Тут сітуацыя такая ж, як і з Android. Некаму гэта будзе вельмі зручна, некаму — не. Але прадукты Mikrosoft не прызнаюць цяперашні фактычны статус Крыма. Адпаведна, абнавіць іх можна толькі "па-партызанску", з дапамогай абароненага ці ананімнага доступу.

 

4. Немагчымасць падарожнічаць.

Вынікае яна перадусім з расійскіх пашпартоў, якія масава выдалі жыхарам паўвострава ў красавіку-траўні 2014 года. Адмова ад такога пашпарта цягнула за сабой шмат праблем, таму большасць нават нязгодных з прыходам расійскай адміністрацыі людзей усё ж адмовілася ад украінскага грамадзянства на карысць пашпарта з двухгаловым арлом. Адмовілася, і цяпер можа паехаць хіба ў Расію. Міжнародная сістэма не прызнае дакументы крымчан сапраўднымі. А акрамя дакументаў ― нумары іх аўтамабіляў. Першапачаткова новая адміністрацыя выдавала жыхарам паўвострава маскоўскія нумары з трыма сямёркамі, з нядаўняга часу з'явіўся асобны крымскі код ― 82 (для Сімферопаля ― 93). Выехаць з такімі нумарамі можна толькі ў Расію.

Ну і асобная гісторыя з падарожжамі на самалётах ды караблях. Крым па-ранейшаму звязаны толькі з расійскімі гарадамі. Авіяцыйны і марскі транспарт іншых краін не можа легальна прызямляцца і прычальваць у Крыме, кампаніі не рызыкуюць ( у тым ліку наша "Белавіа"). А крымчане тры гады жывуць у ізаляцыі ад абсалютнай большасці краін свету. Мабільнасць захавалі толькі тыя, хто пакінуў сабе украінскі пашпарт. Працягнуць яго дзеянне можна ў суседнім Херсоне, там жа атрымліваюць замежныя пашпарты. Візу для паездак за мяжу жыхары паўвострава могуць атрымаць толькі ва украінскі пашпарт.

Сімферопаль увечары.

5. Электронныя разлікі.

Так, Visa i Mastercard у Крыме па-ранейшаму не працуюць. Таму калі зберацеся наведаць паўвостраў, рыхтуйце наяўныя. І лепш адразу расійскія рублі, таму што памяняць валюту легальна далёка не так проста, як гэта можна зрабіць у большасці гарадоў свету. Прыйдзецца шукаць банк ды стаяць у чарзе. Тым не менш, банкаматы ў Крыме ёсць. Яны абслугоўваюць карткі унутранай расійскай плацёжнай сістэмы.

Праз адсутнасць Visa i Mastercard жыхары паўвострава маюць таксама складанасці з аплатай тавараў у інтэрнэт-крамах ды набыццём квіткоў на самалёт. Для гэтага прыходзіцца ехаць на мацярык ды афармляць сабе там карткі і дакументы, якія на тэрыторыі самога Крыма не працуюць. З іншага боку, некаторыя інтэрнэт-крамы перасталі высылаць свае тавары на паўвостраў яшчэ летам 2014-га. Таму праблема не зусім актуальная.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі