2026 год можа апынуцца адным з самых гарачых у гісторыі
Дзве жанчыны хаваюцца ад спёкі пад кронай дрэва / The Associated Press
Новы кліматычны прагноз паказвае, што 2026 год можа стаць другім самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў. Паводле дадзеных навукоўцаў, прычынай стане моцнае ваганне тэмператур вады Ціхага акіяна Эль-Ніньё, якое, верагодна, разаўецца да восені і значна ўзмоцніць глабальнае пацяпленне, паведамляе Euronews.
Даследчыкі чакаюць, што тэмпература паверхні вады ў трапічнай частцы Ціхага акіяна перавысіць норму больш чым на 2°C. Такі ўзровень адносіцца да катэгорыі "супер-Эль-Ніньё" і здольны ўплываць на клімат па ўсім свеце, выклікаючы засухі, паводкі і экстрэмальныя надворныя з’явы.
Згодна з мадэлямі, верагоднасць таго, што 2026 год паб’е тэмпературныя рэкорды, дасягае амаль 20%. Навукоўцы таксама адзначаюць, што наступствы могуць узмацніцца і ў 2027 годзе, калі з’ява акажацца асабліва магутнай і працяглай.