14:49 У Ашмянах асудзілі прадацоў спіртавых растваральнікаў

Ашмянскі раённы суд прыгаварыў да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму двух мясцовых жыхароў, якія гандлявалі спіртавой вадкасцю і, магчыма, атруцілі каля 150 чалавек. Падрабязнасці паведамляе наш карэспандэнт Зміцер Панямонаў:  

«Суд палічыў даказаным, што абвінавачаныя мужчына і жанчына прадалі насельніцтву ад чэрвеня 2005-га да кастрычніка 2006 году больш за 7 з паловай тысяч літраў спіртавой вадкасці.


Праваахоўнікі мяркуюць, што менавіта прададзены імі алкаголь стаў прычынай вялікай колькасці атручванняў з дыягназам таксічны гепатыт восенню мінулага года. Тады ў інфекцыйнае аддзяленне ашмянскага шпіталя патрапілі каля 150 чалавек, адна жанчына памерла.


Пацвярджаюць гэты факт знойдзеная ў гандляроў тара з-пад касметычных і бытавых растваральнікаў. Абвінавачаныя сваёй віны ў гандлі алкагольным сурагатам не прызналі і падалі скаргу ў Гродзенскі абласны суд. Калі ён пакіне прысуд без зменаў, ім давядзецца заплаціць яшчэ і штраф у памеры 37,5 мільёнаў рублёў».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі