120 фэнаў Metallica арыштаваныя ў Сант'яга

Прыкладна 120 чалавек былі арыштаваныя ў выніку масавых беспарадкаў на канцэрце амерыканскага рок-гурта Metallica у сталіцы Чылі Сант’яга, паведамляе Blabbermouth.net. Інцыдэнт адбыўся яшчэ 26-га студзеня, аднак шырокую агалоску атрымаў толькі цяпер. Шоў калектыву на мясцовым іпадроме Club Hipico сабрала 50 тысяч чалавек. Шматлікія фэны, аднак, паспрабавалі ўзламаць агароджу і патрапіць на канцэрт задарма. У сувязі з гэтым паліцыі давялося ўжыць сілу і разагнаць натоўп брандспойтамі. У сутыкненнях з фанатамі паранены адзін паліцэйскі.

Арыштаваным былі прад'яўленыя абвінавачванні ў парушэнні грамадскага парадку, а таксама захоўванні наркотыкаў і знаходжанні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

Сусветны тур, у рамках якога Metallica выступіла ў Сант'яга, праходзіць у падтрымку апошняга альбома калектыву "Death Magnetic", які выйшаў яшчэ ў верасні 2008-га года. Нагадаем, 21-га красавіка Metallica выступіць у віленскай Siemens Arena, куды змогуць патрапіць і беларусы. Беларускае прадстаўніцтва сусветнай кампаніі Ticketpro прадае квіткі праз Інтэрнет. Пакуль на ўсю Беларусь літоўцы выдаткавалі толькі 1000 квіткоў. Але існуе верагоднасць павелічэння колькасці квіткоў пры добрым попыце.

Кошты квіткоў на канцэрт Metallica у Вільні вагаюцца ад 380 тысяч рублёў на танцполе да 437 тысяч рублёў у ніжнім сектары Siemens Arena.

Паводле www.lenta ru, www.music.fromby.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі