11 жыхароў Пухавіцкага раёна асуджаныя за здзекі з прастытутак

Суд Мінскага раёна 21 верасня вынес прысуд па справе пра здзек з прастытутак, паведаміў тэлеканал "Беларусь 1".

Да розных тэрмінаў зняволення былі прыгавораныя 11 жыхароў Пухавіцкага раёна — ім прызначылі ад 7 да 13 гадоў у калоніях строгага і ўзмоцненага рэжыму, перадае БелаПАН.

Мужчыны выкрадалі жанчын лёгкіх паводзінаў, а потым гвалтавалі іх, рабавалі, збівалі і адпускалі. Пазней усё паўтаралася паводле такога самага сцэнару. Як паведамілі праваахоўнікі, пацярпелыя трывалі гэтыя здзекі два гады, пакуль не наважыліся звярнуцца ў міліцыю. Па справе праходзіла 11 пацярпелых.

Памочнік пракурора Мінскага раёна Юрый Казубоўскі паведаміў, што падсудным выставіілі абвінавачанні ў выкраданні чалавека, згвалтаванні, іншых дзеяннях сэксуальнага характару, рабаванні, хуліганстве. Ніхто з іх не прызнаў сваю віну. Адвакаты настойвалі на апраўдальным прысудзе.

Суд адбываўся ў закрытым рэжыме.