11 траўня "Маці 328" зноў збіраюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта

Арганізатарка галадоўкі "Маці 328" Таццяна Канеўская.
Арганізатарка галадоўкі "Маці 328" Таццяна Канеўская.

Сёння 14-ы дзень галадоўкі маці, чые дзеці сядзяць па так званым "наркоманскім" артыкуле. А 9 траўня ў кватэру ў Калінкавічах, дзе яны галадаюць, у чарговы раз прыехалі лекары.

"Памералі нам ціск і ўзровень цукру ў крыві, — кажа ўдзельніца акцыі Ліяна Шуба. — Зафіксавалі, што наш стан пагаршаецца".

У той жа дзень "Маці 328" наведаў старшыня райсавета народных дэпутатаў Віктар Замосцік, каб... павіншаваць іх з Днём перамогі. Ён папярэдзіў, што калі лекары яшчэ раз паведамяць яму пра пагаршэнне стану галадоўшчыц, давядзецца ехаць у бальніцу: "Дзяўчаты, вы павінны адсюль з'ехаць здаровымі. Я не дам вам памерці".

"Ад Замосціка, мы даведаліся, што ён звяртаўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, там яму паведамілі: афіцыйны адказ на нашы патрабаванні, які паабяцала нам даслаць Наталля Качанава, яшчэ не адпраўлены, — распавядае Ліяна Шуба. — Разумеем, што раней за 15 траўня нам адказ не дашлюць, і мы прынялі рашэнне перапыніць галадоўку — заўтра вечарам пачнём прымаць біфідабактэрыі. 11 мая а 16:00 гадзін сустракаемся ля чацвёртага пад'езда Адміністрацыі прэзідэнта (там знаходзіцца грамадская прыёмная), будзем падаваць заяву з просьбай аб сустрэчы з Лукашэнкам".

Акцыя пратэсту працягнецца, але цяпер гэта ўжо будзе эстафета па розных гарадах Беларусі. Сёння галадоўка пачалася ў Лідзе, яе абвясціла Людміла Лапко. У нядзелю падтрымаць яе прыедзе старшыня руху "Маці 328" Ларыса Жыгар — гэта будзе яе 17-ы дзень без ежы.

"Калі шчыра, я ўжо нават не думаю пра ежу, — кажа Ларыса. — Цяпер пакуль знаходжуся ў Гродне, у мяне хварэе бацька. Ведаю, што дзяўчаты пад Пухавічамі таксама збіраліся заўтра спыняць галадоўку. Тым не менш, акцыя працягваецца. Мы хочам дамагчыся адказу на нашы патрабаванні".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі