Самалёт да Варшавы танней за цягнік

“Еўрапейскі камфорт” ад "Беларускай чыгункі" вяртае пасажыраў у часы грамадзянскай вайны, дзеліцца ўражаннямі ад паездкі мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.


Міхал Анемпадыстаў: “Можна размясціцца, толькі пакуль ты сядзіш — калі аднаму чалавеку трэба легчы спаць, то ўся камфортнасць знікае, неабходна раскладаць усе паліцы. Самае прыкольнае — дзверы ў прыбіральню. Яны адчыняюцца ўнутр, і калі адчынена, то выйсці адтуль ужо немажліва — трэба скакаць праз унітаз”.


З акна ўсю ноч цягнула, працягвае “экстрэмал” Анемпадыстаў, давялося захінаць коўдрай. За ноч у тамбуры намяло сапраўдныя гурбы снегу: паўсюль шчыліны. І нават дзвярны замок у купэ не працаваў. Усё ад старасці, сцвярджае Міхал — вагоны яшчэ савецкія. І дадае: еўрапейскія стандарты трохмясцовага купэ бываюць розныя.


Чыгуначнікі апраўдваюцца: а што было рабіць, калі пад пагрозай сам маршрут на Варшаву апынуўся?!


“Палякі запатрабавалі, каб да іх перасталі хадзіць звыклыя для былога Савецкага Саюза вагоны, звыклага габарыту, і хадзілі еўрапейскага. Каб захаваць накірунак гэта зроблена — паехалі вагонамі, якія ў нас… не так шмат, скажам так”, — скардзіцца Еўрарадыё начальнік аддзела абслугоўвання пасажыраў у цягніках Андрэй Кашко.


Карацей, зляпілі з таго, што было ў “загашніку”. Але даехаць да Варшавы раптоўна стала на 135 тысяч рублёў даражэй — з 610 тысяч рублёў кошт квітка вырас да 745! Прадстаўнік "Беларускай чыгункі" сцвярджае, што нічога ў коштах… не памянялася!


Андрэй Кашко: “Асабліва кошт праязных дакументаў не расце. Ён як быў зафіксаваны неяк у еўра, ён так і застаўся”.


Лічым: 7 снежня Нацбанк даваў за 1 еўра 11240 рублёў, і па гэтым курсе квіток да Варшавы каштаваў 54 еўра, а ўжо 9 снежня па гэтым курсе пацягнуў на 66 еўра! Якім чынам “зафіксаваны кошт” не змяніўся так, што вырас на 12 еўра, Андрэй Кашко не тлумачыць.


Дарэчы, калі ў два бакі квіток на варшаўскі цягнік каштуе 132 еўра, то даляцець туды ж па спецпрапанове "Белавія" можна за… 119 еўра. У два бакі!


На нязручнасць “новых” вагонаў, паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, за 10 дзён не было ніводнай скаргі ад пасажыраў. А набытыя на зніжках у Варшаве тэлевізары!?


Андрэй Кашко: “Чакайце! А навошта такі вялікі тэлевізар?! Напэўна, на легкавым аўтамабілі таксама не вельмі зручна было везці гэты вялізны тэлевізар, які спрабуюць занесці ў вагон!”


Тым, для каго вандроўкі ў Варшаву сталі задарагімі, Андрэй Кашко раіць ездзіць перакладнымі. Даехаць да Брэста ці Гродна, пераехаць мяжу за 2 еўра цягніком “Брэст-Тэрэспаль” альбо “Гродна-Кузніца”, а адтуль — у любым накірунку на ўтульных цягніках унутраных польскіх ліній.


У сваю чаргу "Белавія", прызнаецца намеснік генеральнага дырэктара Ігар Чаргінец, прыглядаецца да паводзін пасажыраў. Калі жадаючых ляцець на Варшаву паболее — будуць дадаваць рэйсы. Гатовыя нават самалёты дадатковыя для гэтага набываць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі