“Пройдзеце праз трэнажорную залу — там офіс той спартыўнай партыі”

“Пройдзеце праз трэнажорную залу — там офіс той спартыўнай партыі”

Ніколі нічога не чулі пра Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і яе дзейнасць? А тым не менш, сёлета 639 членаў гэтай партыі ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій. І яшчэ 17 — у склад акруговых камісій. Гэта трэці вынік пасля Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці з 994 членамі ў камісіях і Камуністычнай партыі Беларусі з 816 членамі. Можа, усё ж гэтая партыя існуе?

Пошук дае сціплы вынік: старшыня партыі — Уладзімір Александровіч, юрыдычны адрас — вуліца Каліноўскага, 77А, корпус Б, пакой 3, колькасць членаў на 2002 год — 1060 (!), заснаваная у 1994 годзе, дэвіз: “Здароўе нацыі — дабрабыт дзяржавы”. Еду па ўказаным адрасе.

Патрэбны будынак хаваецца ў дварах панэльных пяціпавярховак за бетонным плотам. На галоўным ўваходзе шлагбаўм і пільная ахова — малады хлопец спартовага выгляду.

Даведаўшыся, што шукаю офіс Сацыяльна-спартыўнай партыі паказвае на бліжэйшы будынак: "На другі паверх, дзверы направа ў трэнажорны зал".

Вось толькі ніякай партыйнай шыльды я так і не знаходжу: на дзвярах, куды мяне накіраваў ахоўнік, надпіс “Федэрацыя бодыбілдынгу і фітнэсу”.

Дзверы зачыненыя, але з трэнажорнай залы насупраць чутныя галасы. Зазіраю: там маладая дзяўчына-трэнер займаецца фітнэсам з дзяўчынкай гадоў 12-ці. Цікаўлюся іх “партыйнымі” суседзямі, але абедзве адмоўна качаюць галовамі: ніколі пра такіх не чулі. Проста, каб падтрымаць размову кажу:

— У іх кіраўніком Уладзімір Александровіч. Ніколі пра такога не чулі?

— Вядома, чулі! Гэта дырэктар установы, якая і месціцца ў гэтым будынку, — адказвае трэнер. І звяртаецца да дзяўчынкі. — Ты не ведаеш, дзе цяпер твой дзядуля?

Дзяўчынка дакладна не ведае, але і тэлефон дзядулі даваць адмаўляецца. Дамаўляемся, што зараз разам пойдзем да суседняга корпуса і яна запытаецца “ў каго трэба”. Дзяўчынка збягае наперад і вяртаецца са словамі: “Ён хутка выйдзе”.

— А што за арганізацыя тут месціцца, нідзе ніякай шыльды з назвай? — цікаўлюся ў дзяўчыны-трэнера.

— Ой, я нават і не ведаю… Я ў трэнажорнай зале працую, гэтая зала — для супрацоўнікаў. А што тут такое, не ведаю… Але абсталяванне ў зале добрае.

Чакаем некалькі хвілін, але Уладзімір Александровіч ўсё не выходзіць, і першай не вытрымлівае яго ўнучка. “Чаго ён так доўга?” — звяртаецца яна да мужчыны ля шыкоўнага Mercedes S 500. Маўляў, тут журналіст яго чакае. Мужчына акідвае мяне прафесійным вокам ахоўніка, цікавіцца, якое СМІ я прадстаўляю, але сам даволі дзіўна рэагуе на мае пытанні.

— Вы кіроўца ў Александровіча? Кажуць, ён дырэктар усяго гэтага, а што гэта за арганізацыя?

— Вельмі шмат пытанняў…

— Праца ў мяне такая — пытанні задаваць!

— Ну так. — Пагаджаецца кіроўца, а на мае пытанні так нічога і не адказвае.

Потым усё ж кажа, што шэфа на тэрыторыі няма, ён недзе ў горадзе, дзе і калі будзе, не ведае, а сам тут чакае званка і куды скажуць, то туды па яго і паедзе. Маўляў, глядзі сам, але чакаць давядзецца невядома колькі…

У выніку, так і сыходжу, нікога не дачакаўшыся і нічога не дабіўшыся ад кіроўцы лідара таемнай партыі і не менш таемнай установы ў будынку за бетонным плотам.

“Пройдзеце праз трэнажорную залу — там офіс той спартыўнай партыі”

Сацыяльна-спартыўная партыя цікавая для мяне не першыя выбары, бо яны заўжды актыўна вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, але пры гэтым амаль не вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты — на гэтых выбарах яны ўвогуле іх не вылучылі. 

Валянцін Стэфановіч

"Такая партыя-арганізатар выбараў атрымліваецца”, — дзеліцца са мной сваімі назіраннямі за палітычнай дзейнасцю Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Сапраўды, калі на сёлетніх выбарах ад гэтай партыі ў складзе участковых выбарчых камісій звыш 600 прадстаўнікоў, то на мінулых было звыш 400. У парламенце сяброў гэтай партыі не было ўжо тры склікання. А вось старшыня гэтай партыі ў парламенце працаваў, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання, першага і другога склікання Палаты прадстаўнікоў. Што яшчэ вядома пра Уладзіміра Александровіча?

Па адукацыі юрыст, узначальваў федэрацыю атлетызму, прэзідэнт таварыства з абмежаванай адказнасцю “Міжнародная прафесійная ліга спорту”, генеральны дырэктар даччынага прадпрыемства расійскай фінансава-прамысловай карпарацыі “ІТЭРА”.

“Ну, нешта ён там рабіў, выступаў, асабліва, калі справа тычылася нейкіх спартыўных законаў. Але каб запомніўся нечым такім актыўным, палітычным, не ўзгадваю, — дзеліцца сваімі ўспамінамі пра сумесную працу ў парламенце Уладзімір Навасяд. — Ёсць такая палітыка, калі палітыка — гэта грошы. У дэпутатаў-дырэктараў былі інтарэсы адны, у дэпутатаў-прафсаюзнікаў — іншыя. А Александровіч, наколькі я памятаю, быў моцным бізнесменам”.

Еўрарадыё: Але ж ці можна на дэпутацтве ў Беларусі зарабіць? Я не пра дэпутацкія кватэры і дэпутацкія заробкі — я пра вялікія грошы…

Уладзімір Навасяд: У людзей, якія падтрымлівалі ўладу, была магчымасць кантактаваць на любым узроўні з прадстаўнікамі улады, там жа вырашаюцца ўсе пытанні. Ніхто не адмяняў формулу: улада-сувязі-грошы. Людзі, якія ішлі ў парламент, ведалі дакладна, чаго яны хочуць. Яны хочуць сувязяў, а сувязі — гэта новыя кантакты. Вось і ўсё.

Яшчэ адзін цікавы факт: усіх сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя вылучала выключна ў Мінску. Гэта азначае, што ніякіх рэгіянальных структур у яе няма.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі