Анісім: Сама не люблю сябе прапаноўваць. Нават дзеля дэмакратычнасці і працэдуры

Анісім: Сама не люблю сябе прапаноўваць. Нават дзеля дэмакратычнасці і працэдуры

У чацвер, 13 кастрычніка дэпутаты працягваюць абіраць кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў. Але і гэтым разам журналістаў чакала жорсткае расчараванне: нават прысутнасць дэмакратычнай апазіцыі не дадало пасяджэнню ні інтрыгі, ні канкурэнтнасці ― як і ў выпадку з абраннем спікера, і яго намесніка, і старшынь пастаянных камісій абіраюць… без аніякай альтэрнатывы. Прасцей кажучы, каго дэпутатам прапануюць ― за таго яны і галасуюць.

Кандыдатуру Баляслава Пірштука ў якасці свайго намесніка прапаноўвае спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. І дэпутаты галасуюць практычна аднагалосна: 105 "за" пры 4 "супраць". Тое ж і ў выпадку са старшынямі камісій.

"У каго з дэпутатаў ёсць прапановы па кандыдатуры?" ― абсалютна спакойным голасам цікавіцца Андрэйчанка і да мікрафона падыходзіць дэпутат з падрыхтаванай прапановай ды прамовай на карысць кандыдата.

"У каго яшчэ ёсць якія прапановы?" ― гэтак жа спакойна працягвае Андрэйчанка і ні на кроплю не здзіўляецца адсутнасці такіх прапаноў. І так 14 разоў ― па колькасці камісій.

Відаць, не хапае ў людзей пачуцця адказнасці, каб самім прапаноўваць сябе на гэтую пасаду, спрабуе знайсці тлумачэнне такой сітуацыі Алена Анісім.

“Калі, да прыкладу, я прапаноўвала чалавеку падчас выбару старшыні парламента проста вылучыць яго кандыдатуру для таго, каб была альтэрнатыва, і чалавек не пагаджаецца ― што тут будзеш казаць? Не будзеш жа яго за каўнер цягнуць, не будзеш падштурхоўваць! Ну, чалавек не гатовы…”

― Дык узялі б і самі сябе прапанавалі!

― Сама не люблю сябе прапаноўваць. Нават дзеля дэмакратычнасці і працэдуры. Усё ж такі хочацца, каб нехта сказаў добрае слова ― гэта заўсёды лепш. Бо самавылучэнне…

Падыходзім да новаабранага намесніка спікера. Цікавімся, яго не здзівіла такое безальтэрнатыўнае абранне?

“Хлеб гэты нялёгкі, напэўна ― не салодкі, і той, хто рэальна разумее, чым трэба займацца, напэўна, ён узважыў усё добра і прыняў рашэнне для сябе. Справа асабістая ― ніхто нікому не перашкаджаў выкарыстаць гэтае права. Ну, як атрымалася, так атрымалася…” ― кажа Баляслаў Пірштук.

“Чаму, калі не хочаце самавылучацца ці вылучаць некага з калег без іх ведама, было не сабрацца сваім, “дэмакратычным колам” і не дамовіцца пра вылучэнне, да прыкладу, Анісім у камісію па адукацыі, культуры і навуцы, Канапацкай – па бюджэце і фінансах, вас ― па дзяржбудаўніцтве?" ― цікавімся ў дэпутата ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Анатоля Хішчанкі пасля таго, як безальтэрнатыўна абіраюць старшынь камісій.

“Ну, у нас жа няма яшчэ гэтага ― традыцыі, — тлумачыць дэпутат. — Я бяру ўвогуле апазіцыю, яна раз’яднаная. Вось і тут: патрапілі ў парламент тры апазіцыянеры, альбо чатыры ці два ― як хто лічыць, але ж і тое!.. Няма ў нас традыцый такіх, каб забыцца на ўсе палітычныя непаразуменні і сабрацца. Я быў бы не супраць, каб мы некалі сабраліся разам”.

У тым жа стылі адказваюць на гэта і пытанне і Анісім з Канапацкай.

Калі казаць пра новых старшынь камісій, то і тут наш парламент праявіў цуды пераемнасці: з 14 старшынь ― 7 дэпутатаў, які абраныя на другі тэрмін і якія ў гэтых камісіях ужо працавалі. А, да прыкладу, Андрэй Навумовіч і ўвогуле быў пераабраны старшынёй камісіі па правах чалавека і СМІ. Сярод новых старшынь даволі чакана абіраюць Ігара Марзалюка ― камісія па адукацыі, культуры і навуцы, і былога дыпламата Валерыя Варанецкага ― камісія па міжнародных адносінах.

Марзалюк абяцае адразу шчыльна заняцца найперш пытаннямі адукацыі і бліжэйшым часам пачаць разгляд Кодэкса “Аб адукацыі”. А Валерый Варанецкі ў каментарыі Еўрарадыё расказвае, што збіраецца наладзіць стасункі з міжнароднымі парламенцкімі структурамі.

“Я ўпэўнены, што мы абавязкова станем працаваць і ў Еўранэст (Парламенцкая асамблея Усходняга партнёрства, ― Еўрарадыё), і ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Бо няма такіх пытанняў, якія б нас замарожвалі ў дынаміцы, у працэсе супрацоўніцтва з гэтымі арганізацыямі. Я лічу, што патрэбны толькі час, і мы будзем паўнапраўнымі сябрамі гэтых арганізацый”, ― упэўнена адказвае дыпламат.

Ён нават не выключае, што некалі, і можа нават даволі хутка, але мы абавязкова дойдзем да бязвізавых адносінаў з тым жа Еўрасаюзам.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі