Знойдзеныя невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча

Сапраўдныя скарбы знайшліся за межамі Беларусі. Невядомыя раней рукапісныя дакументы Максіма Багдановіча усплылі ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

“Там стаяла некалькі неразабраных скрынак з архівам рэдакцыі газеты “Наша Ніва”. І проста не было спецыялістаў, каб іх разабраць. Там жа дакументы на беларускай мове, нямецкамоўныя дакументы часоў Першай сусветнай вайны. Не было каму ўсім гэтым займацца”, — расказвае супрацоўніца Літаратурнага музея Багдановіча Людміла Сасонка.

Неабходныя спецыялісты знайшліся толькі нядаўна. І толькі сёлета да архіва “Нашай Нівы” дабраліся беларускія гісторыкі і музейшчыкі. І знайшлі адразу два рукапісы Багдановіча. Гавораць, што гэта сапраўдная сенсацыя для беларускіх літаратуразнаўцаў.

“Такіх адкрыццяў, напэўна, не было больш за дзесяцігоддзе. Калі працуеш над каталогам аўтографаў, то асобныя надпісы, подпісы, дароўныя надпісы, аўтографы вершаў складаюцца ў суцэльную мазаіку, вобраз творцы”.

Цяпер музейшчыкі рыхтуюць урачыстую прэзентацыю знаходак. Расказваюць, што сярод знойдзеных рукапісаў — ліст Максіма Багдановіча ў віленскую рэдакцыю “Нашай Нівы” з Крыма. У ім паэт просіць дасылаць яму газету кірыліцай, каб можна было пазнаёміць з беларускай культурай крымскіх знаёмых і сяброў.

Але на віленскіх сюрпрызах адкрыцці не скончыліся. Яшчэ адзін аўтограф нечакана знайшоўся ў далёкім Яраслаўлі, дзе жыў бацька Максіма БагдановічаАдам. Менавіта ён пасля смерці сына захоўваў рукапісны архіў. Архіў гэты, дарэчы, толькі цудам выратаваўся падчас грамадзянскай вайны. Калі ў Яраслаўлі пачаліся сутычкі паміж белымі і чырвонымі, дом Адама Багдановіча згарэў. Але рукапісы Максіма амаль не пацярпелі, іх захоўвалі ў скрыні ў падвале будынка, дзе размяшчалася лядоўня, расказваюць супрацоўнікі музея.

“Рукапісы не друкаваных раней яго твораў захоўваліся пад падлогай — у лядоўні. І лёд падчас пажару не толькі растаў, але і выпарыўся ад гарачыні. І вось гэтая акалічнасць уратавала рукапісы Багдановіча ад знішчэння. Хоць частка і была пашкоджаная”.

Праўда, без стратаў не абышлося і тады — некаторыя верхнія аркушы абвугліліся і іх можна было прачытаць толькі адзін раз, пасля папера проста рассыпалася. Каштоўнасць яраслаўскага аўтографа яшчэ і ў тым, што дорачы і рассылаючы кнігі сына знаёмым, бацька Багдановіча часта падпісваў іх ад імя Максіма. Таму вядома мноства такіх “фальшывых” подпісаў Максіма.

Да перакладаў сваіх вершаў на рускую мову, нават уласных перакладаў, Багдановіч ставіўся з гумарам: "Переводы стихов - словно женщины: если красивы, то не верны, если верны, то не красивы".

Падчас вайны архіў Багдановіча знік. Адкрыцці 2013 года дазваляюць спадзявацца, што хутка могуць быць знойдзеныя новыя аўтографы Багдановіча і нават не вядомыя раней вершы самага рамантычнага беларускага паэта.

Паказаць свае новыя і старыя скарбы супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча абяцаюць 26 лістапада. Кажуць, што цікава будзе ўсім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі