Жыццё ў стылі Jazz-Koktebel

Падрыхтоўка да яго ўжо пачалася, а Еўрарадыё пашчасціла трапіць на рэпетыцыю гурта CherryVata, які  працуе зараз над асобнай праграмай для Кактэбеля.

Насуперак правілам фестывалю “запрашаць гурт толькі адзін раз”,  CherryVata едзе на Jazz-Koktebel  ўжо трэці год запар. Стваральнік гурта Diamos Rol расказаў нам пра фестывальныя планы гурта, і патлумачыў, чаму музыкаў запрашаюць штогод:


Diamos Rol: Мы і самі не чакалі, што паедзем на Jazz-Koktebel  трэцці раз.  Але рашэнне журы нас вельмі ўзрушыла і прыемна здзівіла. Атрымоўваецца, што мы ўжо рэзідэнты фестывалю! Відаць, CherryVata арганізатарам вельмі падабаецца.

Музыкі плануюць паказаць фестывалю незвычайную для гурта праграму:

Diamos Rol: “Гэта будзе зусім іншая CherryVata, не тая, якую вы ведалі раней. Мы працуем над асобнай праграмай, якую робім выключна для Jazz-Koktebel. Вы пачуеце нас з больш джазавага і імправізацыйнага боку. Фактычна, мы будзем джэмаваць”.


Акрамя CherryVata на сцэнах Jazz-Koktebel  выступяць беларускія гурты “Серебрянная Свадьба” і “Аддис Абеба”.




Джаз сёлета прадставяць сапраўдныя зоркі густоўнай музыкі. Гэта нямецкае трыа незвычайнага піяніста Карстэна Даэра (Carsten Daerr trio), гітарыст Карл Рітэр (Karl Ritter) з Аўстрыі,  чароўны скандынаўскі квартэт FAERD trio & Jullie Hjetland, адзін з лепшых басістаў і імправізатараў Еўропы — далікатны брытанец Пол Роджэрс (Paul Rogers), квартэт Эла Фостэра (Al Foster Quartet), квінтэт саксафаніста Джэры Бергонзі (Jerry Bergonzi)  і ўдзельнік вядомага праекту De-phazzКарл Фрырсан (Karl Frierson).

Дарэчы, CherryVata плануе зацягнуць Карла на джэм:

Diamos Rol: Мы спадзяёмся пазнаёміцца і паджэмаваць з Карлам Фрырсанам, тым больш, што ён вельмі адкрыты музыка і прафесіянальна спявае пад любую музыку. Так што паджэмаваць з ім —  гэта цалкам верагодна”.

Расійскую сцэну сёлета прадставіць гурт “Аукцыон”, а ўкраінскую — цікавы этнічны праект ДахаБраха, а таксама Алег Скрыпка і джаз-кабарэ “Забава”. Так што чакайце ажно два кабарэ на адной сцэне!

Каб пачуць феерыю шалёнага музычнага шчасця, раней было дастаткова дабрацца да Кактэбеля — краіны партвейну і мора і набыць квіткі на фестываль на месцы. Але сёлета канцэртнае агенцтва BOpromo разам з фестывалем Jazz-Koktebel  ладзіць адмысловы бас-тур для беларускіх музыкаў і меламанаў

Аўтобусы адправяцца 9 верасня раніцай і прывязуць вас дадому 13 верасня ўначы. Кошты камфортныя, і кампанія прыемная, бо гэтымі ж аўтобусамі едуць і беларускія музыкі  — удзельнікі Jazz-Koktebel -2010. Выкарыстоўвайце шанец, бо ў кошт бас-тура ўваходзіць і квіток на ўсе канцэрты фестывалю! Больш падрабязная інфармацыя размешчаная на сайце фестывалю —  http://koktebel.info

Калі вам хочацца прыгожа і культурна развітацца з гэтым летам, далучайцеся да Jazz-Koktebel. Еўрарадыё, вядома, таксама будзе там!

Diamos Rol з гурта CherryVata патлумачыў нам, чаму кожны  мусіць быць сёлета ў верасні на Jazz-Koktebel:

 Diamos Rol: “Гэта афігенная атмасфера, гэта класныя людзі, гэта шмат добрай музыкі, гэта не толькі джаз, гэта жыццё ў стылі джаз! Сябры, прыязджайце на гэты чароўны фестываль, гэта самае лепшае, што я бачыў у сваім  жыцці!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі