Жан-Поль Бельмандо вярнуўся ў кінематограф

У Францыі скончыліся здымкі фільма "Чалавек і яго сабака", галоўную ролю ў якім выканаў Жан-Поль Бельмандо.
74-гадовы акцёр з'явіцца на экранах упершыню пасля перанесенага ў 2001 годзе інсульту. Новы фільм з удзелам Бельмандо - гэта рымейк карціны італьянскага рэжысёра Віторыа дэ Сіка "Умберта Д", якая выйшла на экраны ў 1952 годзе.

Паводле паведамлення ІТАР-ТАСС, Бельмандо выконвае ў ім ролю пенсіянера Шарля, якога выгналі з хаты і пакінулі ўсе, акрамя сабакі - Клапа. У адчаі герой стужкі вырашыў скончыць жыццё самагубствам і сеў на чыгуначныя рэйкі, аднак яго выратаваў чатырохногі сябар.

Паводле словаў Бельмандо, "не гледзячы на тое, што ён зняўся ў 95 фільмах і выканаў 40 тэатральных роляў, на гэтых здымках ён быў шчаслівы як ніколі. Гэты фільм не падобны на тое, што ён рабіў раней, гэтая праца - зусім у іншым ключы".

Дадам, што апошні буйны план Бельмандо быў адзняты 20 сакавіка пад апладысменты ўсёй здымачнай групы. "Чалавек і яго сабака" выйдзе на экраны 14 студзеня 2009 года.

Фота: www.gala.fr