Замежныя фільмі-пераможцы не атрымаюць "Оскар"

Фільмы, якія атрымалі галоўныя прызы міжнародных кінафэстаў у 2007 годзе, не змогуць прэтэндаваць на Оскар катэгорыі "лепшы фільм на замежнай мове". Камісія, якая займаецца адборам прэтэндэнтаў на ўзнагароду Амерыканскай кінаакадэміі за замежны фільм, ужо не дапусціла да ўдзелу ўладальніка Залатога льва Венецыянскага кінафэсту - фільм “Пажадлівасць” рэжысёра Энга Лі.

Паводле меркаванняў аргкамітэту, "няма доказаў таго, што Тайвань прымаў значны ўдзел у працы над гэтым фільмам". Нагадаю, што ў 2006 годзе “Гарбатая гара” ўдзельнічала ў асноўных намінацыях Оскара, і Лі атрымаў узнагароду за лепшую рэжысуру.

Таксама не прайшоў адбор фільм Джуліяна Шнабэля “Скафандр і матылёк”, узнагароджаны прызам Канскага фэсту за рэжысуру. Гэтая карціна не была высунутая французскім нацыянальным "оскараўскім" камітэтам. Здабываць Оскар ад Францыі паедзе анімацыйны фільм “Персеполіс”.

Не патрапіў у лік патэнцыйных прэтэндэнтаў на ўзнагароду за лепшы фільм на замежнай мове і “Візіт аркестра” ізраільскага рэжысёра Эрана Калірына, які заваяваў Гран-пры на Такійскім кінафэсце. Адборачная камісія палічыла, што ў стужцы занадта шмат дыялогаў на англійскай мове.

Фота: pics.skyvoc.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі