“Залатому вуху” далі шайбай у вуха

“Нам проста не пашчасціла”, — кажа генеральны прадзюсар Альфа Радыё Сяргей Ражкоў пра раптоўную адмену цырымоніі прэміі "Залатое вуха", замест якой у Палацы спорту сёння будзе хакей. — Пакуль яшчэ бухгалтэрыя не лічыла, у колькі нам абыйшліся гэтыя “неправядзенні”, але магу сказаць, што сума будзе вымярацца ў дзесятках мільёнаў рублёў, — уздыхае прадзюсер.

Да музычнай прэміі “Залатое вуха”, якое ладзіць Альфа Ррадыё тры гады запар, рыхтаваліся амаль год. Рэклама, продаж квіткоў, запрашэнне музыкаў.
За дзень да канцэрту Палац спорту адмовіў арганізатарам — бо там адбудзецца выніковы матч чэмпіяната краіны “Юнацтва-Мінск”-“Гомель”.
 
“Паводле правілаў хакею, першыя два матчы фіналу праходзілі ў Мінску. Пасля былі два матчы ў Гомелі, — тлумачыць Еўрарадыё менеджэр беларускай федэрацыі хакею Канстанцыя Лешчанка. — Апошні матч у Гомелі сыгралі ў нічыю, таму выніковы мусіць, згодна з правіламі, адбыцца ў Мінску. Але каток, на якім гуляе “Юнацтва-Мінск”, умяшчае ўсяго 700 гледачоў. А, натуральна, жадаючых прыйсці на фінал значна больш. Таму прынятае рашэнне перанесці матч у Палац спорту”.
 
Цікава, што Альфа Радыё не збіраецца звяртацца ў суд па кампенсацыю страты. Відаць, таму, што судзіцца давядзецца з прэзідэнтам Федэрацыі хакея — міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым:
 
“Ведаеце, жадання няма ніякага спрачацца з імі. І тое, што мы не будзем судзіцца — гэта дакладна,” — сказаў Еўрарадыё Сяргей Ражкоў.

Федэрацыя хакею таксама скардзіцца на канцэрты! Маўляў, сітуацыя з адменай хакейных матчаў у Палацы спорту — звычайная справа:

“У нас таксама часта бывае, што з-за канцэртаў у Палацы спорту мы адмяняем ці пераносім нашыя матчы. Мне здаецца, гэта праблема недахопу памяшканняў. Таму ў Мінску і будуюцца новыя арэны, каб усім хапала месца,” — гаворыць Канстанцыя Лешчанка.
 
Што рабіць тым, хто набыў квіткі на сённяшняе “Залатое вуха”? У бухгалтэрыі Палацу спорту гавораць, што квіткі можна вярнуць.
 
А прэмію “Залатое вуха” беларускія музыкі атрымаюць сёлета без помпаў:
 
"Мы правядзем прэс-канферэнцыю, на якую запросім журналістаў, музыкаў-пераможцаў, якія мусілі граць на сённяшнім канцэрце, і ўручым ім “вушы” (сімвал прэміі “Залатое вуха” — рэд.)," — гаворыць Сяргей Ражкоў.
 
Хутчэй за ўсё цырымонія пройдзе у канферэнц-зале гасцініцы “Еўропа”.

Фота: alpha.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі