За ўваход на “БульФэст” расплачваліся натурай

Адкрывалі серыю фестываляў беларускія гурты "Кассиопея", The Toobes і украінцы "Перкалаба". Творчае аб'яднанне "ПАН-студыя", якое з'яўляецца арганізатарам мерапрыемства, вырашыла, што менавіта гэтыя калектывы здольныя вызначыць ці ёсць рок-н-рол у 21-м стагоддзі, што ён сабой уяўляе, ці запатрабаваны ён у Беларусі, і ці змяніўся ён.
Вядучыя "БульФэсту" Сяргей Пукст і Наста Шпакоўская

Адразу пасля мерапрыемства прадзюсар "БульФэсту" Зміцер Саладуха распавёў, што з гэтага моманту канчаткова паверыў у рок-н-рол.

Зміцер Саладуха: "Нам вельмі спадабалася тое, што рабілася на танцполе, нам вельмі спадабалася якасць той музыкі што сёння гучала на сцэне, яе разнастайнасць. Мы яшчэ раз убачылі, што сутнасць рок-н-рола не толькі музычная. Рок-н-рол як лад жыцця існуе, і ён патрэбны. Нам яго вельмі не хапае ў нашай краіне".
                                                            Гурт "Кассиопея"
                          Пасля выступу гурта "Кассиопея", Пукст прызнаўся ў любві да жывёлаў

Варта адзначыць, што ўваход на першую серыю "БульФэста" быў бясплатным, калі не ўлічваць таго, што арганізатары прасілі наведвальнікаў прынесці з сабой бульбу. У выніку, назбіраны мех бульбы быў урачыста падораны гасцям з Украіны, гурту "Перкалаба". Але паводле словаў Змітра Саладухі, наступныя серыі фестывалю ўжо будуць каштаваць грошай.

Зміцер Саладуха: "Мы разумеем, што не ўсе могуць дазволіць сабе дарагія квіткі, таму будзем сыходзіць з таго, што мы прапануем, і колькі гэта можа каштаваць, як у краме. Але мы будзем прасіць прыносіць з сабой бульбу не гледзячы на тое, бясплатны гэта канцэрт ці за квіткі. А мы будзем кожны раз думаць, што з ёю зрабіць цікавага ды сардэчнага".
                                                                     Гурт "Перкалаба"                                           


Пасля выступу дырэктару "Перкалабы" падарылі мех бульбы, які, між іншым, музыкі шчыра павезлі дамоў, ва Ўкраіну
Дарэчы, у другой серыі "Бульфэста" будуць удзельнічаць беларускія калектывы Pukstband і Drum Extasy, а хэдлайнерам будзе гурт з Днепрапятроўску "... и Друг Мой Грузовик". Праходзіць мерапрыемства будзе ў тым жа "Рэактары", па пярэдняй інфармацыі - 29-га кастрычніка.
Імёны выступоўцаў наступных серый фестывалю Зміцер назваць адмовіўся, бо пакуль з імі ідуць перамовы, але прызнаўся, што гэтыя штомесячныя канцэрты ў выніку могуць перарасці ў вялікі фестываль.

Зміцер Саладуха: "Калі гэтаму праекту жыць, то мы плануем двух ці трохдзённы оpen air. Можа быць, будзем гэта рабіць у Лагойску. Але мы так далёка не глядзім, бо не ведаем ці будзе гэты фестываль жыць".
                                                               Гурт The Toobes

Дадамо, што вядучымі 1-й серыі "БульФэсту" былі Сяргей Пукст (Pukstband) і Наста Шпакоўская (Naka), якія паралельна з вядзеннем мерапрыемства яшчэ і здымалі інтэрв'ю з музыкамі для тэлепраекту "Бульбокс". Агулам жа, фестываль прайшоў вельмі пазітыўна і, нягледзячы на звычайныя праблемы клуба "Рэактар" з гукам, абыякавых наведвальнікаў не засталося.

Фота: Tarantino


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі