За год беларускія тэатры і музеі наведалі 7 мільёнаў чалавек

За мінулы год беларускія музеі і тэатры наведалі 7 мільёнаў чалавек, перадае статыстычны камітэт. Прычым музеі, як высветлілася, у нас любяць больш: амаль 5 мільёнаў чалавек схадзілі паглядзець на розныя выставы.

"Школьнікі і студэнты — гэта нашая асноўная катэгорыя, якая да нас стала ходзіць, — распавялі Еўрарадыё ў Нацыянальным мастацкім музеі. — За апошнія гады лічба сапраўды значна вырасла. Спадзяемся, што гэта інтарэс да выяўленчага мастацтва ў прынцыпе".

Цікава, што толькі за два першыя месяцы 2011 года Мастацкі музей наведалі столькі ж людзей, колькі за паўгода ў 2007-м — амаль 120 тысяч чалавек. Увогуле ў параўнанні з 2000-м беларускія музеі летась наведалі на 1 мільён 200 тысяч чалавек больш!

У Мастацкім музеі такі рост звязваюць з адкрыццём новых экспазіцый і Мірскага замка. Таксама ў музеі можна адзначыць Раство ці дзень нараджэння: для вас нават зробяць спецыяльную тэатральную пастаноўку, дзе вы будзеце ў галоўнай ролі.

"Чалавек, у якога дзень нараджэння, можа замовіць сабе праграму. З ім асабіста працуюць і ён праводзіць дзень у музеі, там спецыяльны сцэнар", — кажа навуковы сакратар Таццяна Дашкоўская.

Асноўныя наведвальнікі музея імя Янкі Купалы, як і Мастацкага музея, — школьнікі і студэнты.

"У асноўным гэта школьнікі, але ў нашым тэатры апошнім часам значна актывізавалася моладзевая аўдыторыя: студэнты, працоўная моладзь. Прыходзяць пенсіянеры. У нас у апошні панядзелак кожнага месяца бясплатны ўваход. І мы бачым, што шмат пенсіянераў. У нас свая ўжо публіка, гэта інтэлігенты-пенсіянеры, добрая такая публіка, не выпадковая".

За апошнія 20 год, згодна са словамі загадчыка літаратурнай часткі Купалаўскага тэатра Ігара Скрыпкі, наведвальнасць сапраўды павялічылася. Але ўсё залежыць ад канкрэтнага спектакля, ягоный тэматыкі і рэжысёра.

"Самыя запатрабаваныя спектаклі — гэта дзіцячыя, камедыі і спектаклі на гістарычную тэму, — дадае ён. — У канцы 1980-х пачатку 1990-х да нас прыехала шмат амерыканскіх і еўрапейскіх фільмаў — і ўсе ламануліся іх глядзець, і тэатр стаў нецікавым. Але цяпер да людзей дайшло ўсведамленне, што тэатр і кіно — гэта розныя віды мастацтва, і адно другое замяніць не можа".

Музей імя Янкі Купалы летась наведалі 95,7 тысяч чалавек — гэта на 15 тысяч болей, чым у 2009-м. У наступным годзе будзе адзначацца 130 год са дня нараджэння Купалы. Таму жадаючых паглядзець спектаклі будзе яшчэ больш, упэўненыя ў тэатры.

Фота: belintourist.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі