YouTubе абвясціў пераможцаў сваёй першай прэміі

Відэахостынг YouTube назваў пераможцаў сваёй першай музычнай прэміі YouTube Music Awards. Узнагароды былі ўручаныя ў Нью-Ёрку ў 6 намінацыях.

Лепшым музыкам года быў прызнаны Эмінэм, лепшым відэа стаў кліп “I Got A Boy” паўднёвакарэйскага гурта Girls' Generation. Прарывам году быў прызнаны амерыканскі дуэт Macklemore & Ryan Lewis, чые кліпы за апошні год паказалі найбольшы рост папулярнасці.

У намінацыі “Водгук года” перамагло відэа амерыканскай скрыпачкі Ліндсі Сцірлінг і гурта Pentatonix “Radioactive”. Арганізатары прэміі сцвярджаюць, што ролік натхніў на стварэнне самых лепшых рэміксаў, кавераў і пародый.

Статус “Феномена года” атрымала відэа Тэйлар Свіфт “I Knew You Were Trouble”, які сабраў найбольшую колькасць каментарыяў наведвальнікаў YouTube. Самым інавацыйным кліпам названы ролік “See Me Standing ft. Alexandra Govere” амерыканца DeStorm.

Лаўрэаты прэміі вызначыліся дзякуючы інтэрнет-галасаванню. Матэрыяльная ўзнагарода YouTube Music Awards была выкананая ў выглядзе фірмовай чырвонай кнопкі “Play”. Падчас цырымоніі ўручэння выступілі Лэдзі Гага, Эмінэм, Arcade Fire і іншыя.

Фота: www.ballerstatus.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі