Йо-Йо дадуць нежартоўны канцэрт 1 красавіка

Мінскі пазітыўны музычны ансамбль Йо-Йо, які існуе ўжо больш за 10 гадоў, паспеў за гэты час адыграць звыш 300 канцэртаў, выступіць ці не з усімі альтэрнатыўнымі сталічнымі камандамі, перажыць усе клубы горада-героя. І вось, нарэшце, гурт запісаў свой першы дыск «Давай Сябраваць». Дарэчы, Йо-Йо вырашылі зрабіць падвойны рэліз: для тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ён выйшаў пад назвай «Немагчымы».

Прычынай адсутнасці запісу на працягу такога працяглага часу з'яўлялася банальная адсутнасць фінансаў. Аднак, на шчасце музыкаў і шматлікіх прыхільнікаў Йо-Йо, нечакана сустрэўся чалавек, якому так спадабалася музыка гурта, што ён праспансаваў запіс альбому. У выніку карпатлівай працы 4 кастрычніка 2007 году свет убачыў першы і, безумоўна, не апошні дыск калектыву.

З прэзентацыяй вырашылі не цягнуць і правялі 15 лістапада 2007 г. у сталічным клубе «Гудвін» пры падтрымцы сяброў па музычным цэху Пару Рублёў і СКА!РБ, а таксама пры поўным аншлагу.

1 красавіка ў клубе «Гудвин» у 19-00 група адыграе эксклюзіўны двухгадзінны сольны канцэрт, падчас якога гурт зайграе свае старыя і абсалютна новыя песні.


Фота: www.yo-yominsk.com