Ян Павел ІІ памёр у выніку эўтаназіі?

У Італіі разгарнулася дыскусія ў сувязі з гіпотэзай, што Ян Павел ІІ памёр у выніку эўтаназіі. Падставай стаў артыкул прафесаркі анэстэзіялогіі Ліны Паванэлі “Лёгкая смерць Караля Вайтылы”, якую апублікаваў часопіс MicroMega.  “Лячэнне Яна Паўла ІІ, паводле крытэрыяў Каталіцкага касцёлу, уяўляе сабою сапраўдны акт эўтаназіі”, - цытуе Паванэлі француская Le Monde.

Недастатковае харчаванне з-за немагчымасці глытаць, што ўласціва хваробе Паркінсана, наблізіла канец Папы. Два месяцы Караль Вайтыла правёў у голадзе, страціў ад 15 да 19 кг вагі, і толькі 30 сакавіка, напярэдадні смерці, яму ўвялі назагастральны зонд.

Сам Каталіцкі касцёл нядаўна заявіў, што “забеспячэнне ежай і вадой - натуральны клопат пра жыццё і ў выпадку, калі яго няма, мы маем справу з эўтаназіяй па нядбайнасці”. Сам пантыфік меў супярэчлівыя погляды на эўтаназію.

У 2002 годзе ён заявіў, што выкарыстанне абсталявання для працягу жыцця ў некаторых выпадках “можа быць марным і непаважным для пацыента”. У той жа час Папа казаў, што забеспячэнне ежаю і вадой - натуральнае захаванне жыцця, а не медычны акт.

Паводле novonews.lv