Як трапіць на Ібіцу, даехаўшы толькі да Венгрыі?

Трэба паехаць на Balaton Sound. Праграма настолькі моцная, што фанаты гатовыя нелегальна плыць па возеры на фэст, калі ім не хопіць квіткоў. Венгерскі фестываль Balaton Sound пачнецца 9 ліпеня і будзе грамыхаць на ўзбярэжжы возера Балатон на працягу 4 дзён. Самая смачная праграма запланавана на вечар-ноч, але раніцай і днём таксама будуць “гукі”, пад якія можна купацца, загараць, катацца на сёрфе і піць кактэйлі ці піва.
 
На галоўнай сцэне чакаецца па 4 канцэрты штовечар. Час хэдлайнераў — 22:00. Сярод іх Underworld, Kraftwerk, Orbital і Moby. Гурты актыўна гастралююць па шматлікіх еўрапейскіх фестывалях, але сустрэнуцца толькі на Балатоне.


 
Underworld прадставяць сваю адносна новую праграму “Oblivion with Bells”, але старыя добрыя шэдэўры таксама заграюць, напрыклад, "Born Slippy .NUXX" — незабыўны саўдтрэк да фільма Дэнні Бойла “На ігле”.
 


Нямецкія электра-футурысты Kraftwerk паспрабуюць, як і ў 70-х, збаламуціць усіх сваімі тэхнакратычнымі ідэямі. І хоць зараз ад класічнага склада гурта застаўся толькі Ральф Хутэр (Ralf Hütter), кажуць,  што гурт не страціў сваёй унікальнасці і па-ранейшаму здіўляе публіку сваімі высокатэхналагічнымі шоў.

 

Брытанскі дуэт Orbital, калі вы не ведалі, некалькі месяцаў таму зноў сабраліся і заявілі: “Orbital are back”. Так што пасля пяцігадовай паўзы іх зноў можна паслухаць. 
 


А што сказаць пра Moby? Мобі выпусціў новы альбом у мінулым годзе, які вельмі ўсім спадабаўся, яму залічылі шмат плюсікаў, і зараз на яго выступленне збяруцца тысячы.
 
Але давайце пераключым сваю увагу і на іншыя сцэны, якія будуць на Балатоне.
Другая па важнасці — гэта Samsung Mobile Arena, дзе канцэрты пачынаюцца толькі а 21:00, спецыяльна, каб праграмы не перасякаліся  з галоўнай пляцоўкай. На Samsung Mobile Arena лайн-ап больш дыджэйскі. Хэдлайнеры тут пачынаюць граць а 2 гадзіне ночы, і сярод іх такія  вядомыя імёны як Carl Cox, Mad Professor і David Guetta.




Дарэчы, цікава будзе паслухаць сэт менавіта Карла Кокса (Carl Cox), брытанскага тэхна і хаўз дыджэя а ячшэ радыёвядучага з BBC Radio 1. Два гады таму на яго сэце ў Венесуэле здарыўся непрыемны выпадак — пачалася страляніна, падчас якой загінула некалькі чалавек. І прычынай была, быццам бы, музыка Кокса — маўляў, яна вельмі пасуе да гангстэрскіх разборак. Сам Кокс сказаў, што яго музыка і ўсе рэйвы — у мільёне кіламетраў ад такіх рэчаў. Еўрарадыё абяцае высветліць, на якія ўчынкі сапраўды пабуджае музыка вядомага брытанца Кокса.
 
Канешне, праграма фэсту Balaton Sound не скончыцца на двух пляцоўках. На Балатоне іх 6, была б толькі моц усюды пахадзіць і ўсё пабачыць.
 
З цікавых месц можам яшчэ адзначыць Pesti Est, дзе дыджэй-сэты будуць з 12 раніцы і да 2:30 ночы. 9 ліпеня там заграюць Mad Professor, I Ration, а 10 ліпеня, у субботу, выступіць венгерскі гурт Anima Sound System. Напэўна, адзіны венгерскі гурт, добра вядомы далёка за межамі Венгрыі. Іх музыку адносяць і да ўорлд, і да эйсід-джазу, і да электронікі — такі унікальны венгерскі фьюжн.
 
Еўрарадыё ўсіх вышэйпералічаных абяцае паслухаць і расказаць вам, наколькі ўсё, што мы тут напісалі, адпавядае рэчаіснасці.
 
Слухайце жывыя ўключэнні з фэсту Balaton Sound штодня з 9 па 12 ліпеня:
 
9 ліпеня 11:15, 21:15, 22:15
10 ліпеня 11:15, 21:15, 22:15, 23:15
11 ліпеня 10:15, 21:15, 22:15
12 ліпеня 11:15, 21:15, 22:15, 23:15
 
Выніковая праграма:
15 ліпеня 22:00—23:00
 
Фота: balatonsound.hu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі