Як паехаць працаваць у Польшчу?

Каб разабрацца дакладней, што ж трэба беларусу, каб афіцыйна папрацаваць у Польшчы, я звязалася з міністэрствам працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы. Ніжэй – асноўнае з таго, што было ў афіцыйным адказе міністэрства.

“Замежны грамадзянін (у тым ліку і беларус), зацікаўлены у працы ў Польшчы, мае абавязак атрымаць доўгатэрміновую візу, якая дае дазвол на працу. Такую візу можна атрымаць у польскай амбасадзе і консульствах у краіне жыхарства. Акрамя гэтага, патрэбны дазвол на працу, які мусіць атрымаць ваш будучы працадаўца ад ваяводы ў адпаведнай тэрытарыяльнай адміністрацыі.

Калі беларус уладкоўваецца на сезонную працу, звязаную з сельскай гаспадаркай (на тры месяцы знаходжання ў Польшчы цягам паўгода з моманту атрымання візы), дазвол на працу не патрэбны – неабходная толькі спецыяльная віза, якая дазваляе працаваць.

Падставай атрымання візы ў выпадку сезоннай працы з’яўляюцца два дакументы:
— пасведчанне ад польскага працадаўцы аб намеры ўладкавання іншаземца на сельскагаспадарчую працу. У пасведчанні мусяць быць змешчаныя звесткі, якія ідэнтыфікуюць працадаўцу і працаўніка, а таксама абумоўленыя месца і тэрмін, на які чалавека прымаюць на працу. Пасведчанне мусіць быць заверанае натарыяльна ці праз органы дзяржаўнай адміністрацыі.
— пасведчанне з польскай раённай адміністрацыі, якое пацвярджае, што працадаўца займаецца сельскагаспадарчай дзейнасцю.

У хуткім часе апошнія правілы будуць тычыцца і іншых кароткачасовых працаў, не толькі сельскагаспадарчых.

Як атрымаць дазвол на працу:

Польскі працадаўца піша заяву аб выданні дазволу на працу і выплачвае 936 злотых ваяводу адпаведнай тэрытарыальнай адзінкі.
Ваявода аналізуе сітуацыю на лакальным рынку працы і прымае рашэнне. Калі яно станоўчае, працадаўца атрымлівае папярэднюю згоду.
Гэтая згода перасылаецца будучаму працаўніку, каб ён мог на гэтай падставе атрымаць візу з дазволам на працу.

Пасьля атрымання візы замежны грамадзянін прыязджае ў Польшчу і па прадстаўленні ваяводзе візы аўтаматычна атрымлівае дазвол на працу.

Падчас працаўладкавання ў Польшчы іншаземец, які працуе легальна, падпарадкоўваецца польскаму заканадаўству. Гэта значыць, што на роўных з палякамі ўмовах атрымлівае заробак, працуе вызначаную колькасць гадзінаў і плаціць падаткі і іншыя адлічэнні (у тым ліку і ў пенсійны фонд — заўв. Мары Нальшанскай), прадугледжаныя польскім правам.
У выпадку парушэння працадаўцам умоваў кантракту, іншаземец мае права звяртацца ў суд, які займаецца абаронай правоў працаўнікоў, акруговую інспекцыю працы, прафсаюзы і гэтак далей.

Польскае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці трансферу выплат у пенсійны фонд і ў фонд страхавання ў краіну сталага пражывання замежнага грамадзяніна. Іншаземец, які такія выплаты рабіў, мае права атрымаць адпаведныя пасведчанні паводле працэдуры, прадугледжанай заканадаўствам.

Дазвол на працу выдаецца на час дзеяння візы, якая дае права на працу. Праца па турыстычнай візе немагчымая.”

Дадам цікавыя статыстычныя звесткі. У 2000 годзе дазвол на працу атрымалі 1467 беларусаў, у 2004 – 1025, а ў 2005 – 963. Лідэрам па колькасці дазволаў на працу ў Польшчы з'яўляецца Украіна: у 2005 годзе там афіцыйна працавала 2897 чалавек.
На пачатак 2006 года агулам у Польшчы працавалі 5995 іншаземцаў, з іх 2047 — у публічным сектары, а 3948 — у прыватным. Больш за ўсё іншаземцаў працуе ў сферы адукацыі – 1969, на другім месцы прамысловы сектар – 1490 чалавек, на трэцім – гандаль і рамонтныя працы – 722 чалавекі (па звестках на 2006 год).

Таксама я вырашыла даведацца, як выглядае сітуацыя з вольнай працоўнай сілай – прасцей кажучы, з беспрацоўем у Беларусі. Распавядае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Аляксандр Ярашук:
—Яна выглядае проста фантастычна. Дзесьці каля 1,5% беспрацоўных - гэта каля 60 000 чалавек. Напэўна, такой лічбы не мае ніводная краіна. Але гэта калі верыць афіцыйнай статыстыцы. Невялікі сакрэт, што насамрэч яна значна большая. Калі гаварыць пра нейкія рэальныя лічбы – гэта 7-8 адсоткаў, што значыць каля 350 тысячаў чалавек.

ЕРБ:
- Колькі беларусаў зараз працуе за мяжой?

Аляксандр Ярашук:
- Каля 400 тысячаў выехала ў іншыя краіны, перш за ўсё ў Расею.

ЕРБ:
- Як вы ўвогуле ацэньваеце такі крок Польшчы?

Аляксандр Ярашук:
- Польшча сыходзіць са сваіх інтарэсаў, гэта натуральна. І някепска для нас, бо калі ў людзей ёсць выбар, гэта заўсёды хутчэй добра, чым дрэнна. Але ненармальна тое, што ў нас не робіцца шмат з таго, што мусіць рабіцца, каб ствараць новыя працоўныя месцы.