Як Кобрын рыхтуецца да “Дажынак” (фота)

Да восені там павінны пабудаваць аквапарк і лядовы палац, а таксама пракласці 120 кіламетраў новага асфальту і адрамантаваць 199 дамоў. Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў сталіцу сёлетняга свята працаўнікоў вёскі.
Перакапаныя вуліцы, збітая з фасадаў тынкоўка, пляскатыя дахі мяняюць на шатровыя з металадахоўкай. Увосень у Кобрыне будуць Дажынкі, на якія выдаткавалі 330 мільярдаў рублёў.

Маладыя кобрынцы ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё выказваюць радасць: папрыгажэе, павесялее горад. Старэйшыя, устрывожаныя крызісам, скептычна ставяцца да вялікіх затратаў. Некаторыя яўна баяцца тэмы.

Адкрыта гаварыць дазваляюць сабе далёка не ўсе. Сярод тых, хто гатовы размаўляць — былы кандыдат у дэпутаты палаты прадстаўнікоў, а на сёння беспрацоўны Алесь Мех:

“Вось Лядовы палац і аквапарк хацелі спачатку будаваць побач, і нават пачалі, а потым выйшла, што пад аквапарк пляцоўка не падышла. Дык сотні мільёнаў змарнавалі, бо гэта ж перапраектаванне, перанос аквапарка”.


На здымку: будучы Лядовы палац 


Ва Ўправе капітальнага будаўніцтва Кобрынскага райвыканкама прызналі, што з аквапаркам выйшла накладка:

Чыноўнік: “Там, дзе спачатку хацелі яго будаваць, раней быў тартак, на 5 метраў углыбкі апілак ды глею. Як сваі заб’еш? Занадта вялікі аб’ём работ – гэта ўсё вывозіць і завозіць, зашмат грошай і замала часу”.

Колькі каштавала перапраектаванне і чаму не заплацілі аванс рабочым, чыноўнік паведаміць адмовіўся. Не распавёў і пра гісторыю з дамамі, якія ў восеньскія залевы стаялі без даху.

Гэтак, дзевяціпавярховік па Дзяржынскага, 75 два тыдні прастаяў без даху пад дажджом. Аднаго ж жыхароў ледзь не забіла токам – палез адключаць праводку. На 9-м паверсе і сёння правады тырчаць жмутамі, званкі ў дзвярах адключаныя. Адзін з жыльцоў дома нядаўна вярнуўся з працы з Расіі, цяпер ён рамантуе залітую кватэру:

“Да першага паверха заліло. Далі крыху грошай на шпалеры. На два месяцы яшчэ рамонту. Налічылі 1 мільён 600 тысяч кампенсацыі. Трэба было метэаролагаў паслухаць. І не раскрываць увесь дах адразу”.

У адной са школ у класах стаяць тазікі: цурком цячэ дах. Стары настаўнік кажа: вылучылі шмат грошай, спяшаюцца засвоіць, вось і выходзіць блін за бліном.

Прадстаўнік управы капітальнага будаўніцтва Кобрынскага райвыканкама распавёў: да Дажынак павінны быць гатовыя 120 кіламетраў новага асфальту, 199 дамоў з новымі фасадамі і дахамі. Трэба засвоіць 330 мільярдаў рублёў, з іх ужо засвоеныя 120 мільярдаў.

У сувязі з крызісам ёсць і праблемы.

Чыноўнік: “Падаражэла ўсё на 20 %. Мне ж трэба выдаць зарплату, купіць матэрыялы, а кошты новыя, вышэйшыя”.

Зрэшты, рабочыя на будоўлях кажуць, што ім адзін адказны чыноўнік патлумачыў: грошы будуць, бо Кобрын — палітычна значны аб’ект.

Здымкі Паўла Грыня



Дарога на Брэст



У.І. Ленін запрашае звярнуць увагу на пышныя елкі.



Кобрынскія фасады відавочна патрабуюць грунтоўнага рамонту



Кобрынскі тубдыспансэр

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі