“Я-У“- рок — тое, што варта паслухаць!

У студыю нашай станцыі завітаў Андрэй Барысюк — лідар гурта “Конец Недели“.  Андрэй распавёў, адкуль узялася назва альбома “Я-У“,  чым займаюцца удзельнікі гурта ў жыцці, а таксама калі “Конец Недели“ выступіць у Мінску. 



Мінская альтэрнатыўная рок-каманда “Конец Недели“ існуе ўжо больш за 2 гады. Афіцыйнай старонкі ў іх пакуль няма, але з творчасцю гурта можна смела знаёміцца ў вконтакте ды на myspace



На сваім рахунку каманда мае міні-альбом “5 песен“ і паўнавартасную складанку з 15 песен пад назвай “Я-У“. Гэты альбом можна свабодна спампаваць у інтэрнэце.   “Я-У“ —  гэта сваеасаблівы кліч гурта.  Хлопцы нават акрэслілі свой стыль музыкі, як “Я-У“— рок.
Адкуль узялася гэткая назва,  распавядае лідар гурта “Конец Недели“. 

Андрэй Барысюк: “Я калісьці працаваў на тэлеканале, займаўся відэамантажом. У мяне быў абсалютна белы офіс, дзе апроч кампутара і белых сцен не было больш нічога. Аднойчы я ўзяў маркер і намаляваў “Я-У“ на сцяне. Гэтак з'явілася “Я-У“ і гэткім чынам пачало развівацца“. 



Апроч музыкі, каманда “Конец Недели“ багатая на відэа-прадукцыю. Сваімі ўласнымі сіламі яны стварылі некалькі кліпаў, раю вам паглядзець на канале youtube. Ёсць у каманды і анімацыйны ролік на песню “Лизни здесь“.  Нагадвае па стылістыцы славутага  Freeman-а. Мы нават падумалі, што хтосці з удзельнікаў гурта і ёсць той таямнічы “фрыман“, але нашыя здагадкі не спраўдзіліся. Анімацыю стварыла былая студэнтка ЕГУ, падзяліўся Андрэй

Андрэй Барысюк: “Кліп гэты малявала дзяўчына з ЕГУ. Завуць яе Таня Скрыганава. Гэта была яе курсавая праца, за якую яна ў выніку атрымала найвышэйшую адзнаку“. 




Што да канцэртаў, то гурт “Конец Недели“ можна сустрэць 15 снежня ў мінскім клубе Рэактар а 18:00. Там пройдзе дабрачынны канцэрт з удзелам: “One Pleasant Moment“ (Піцер),  “Жнюв“ (Мінск), “ShowGrit“  (Мінск) ды іншымі калектывамі.  А 18 снежня  “Конец Недели“ прэзентуе свой альбом “Я-У“ у віцебскім клубе “Чердачок“.

Больш цікавостак, а таксама песні “Можешь“, “Лизни здесь“ і “Нет пути назад“ слухайце ў праграме “Лайв-канэкшн“ з Ленай Сідозай і Дзянісам Дзюбам.



 



Дзякуй за фота Андрэю Барысюку!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі