Вяселле Таболічаў вандравала ў часе і прасторы

Еўрарадыё наведала урачыстасць для сям’і і сяброў у сядзібе пад Мінскам і адкрытае святкаванне ў Рэактары, падчас якога павіншаваць новую сям’ю маглі усе ахвочыя.
Афіцыйна сям’я Алесі і Алеся Таболічаў утварылася ў суботу, 23 кастрычніка. Зацікаўленая грамадскасць станоўча ўспрыняла гэтую навіну, бо пару лічаць вельмі прыгожай і ўдалай, і гэты вынік быў прадказальны.

Для цікаўных адзначым, што Алеся Таболіч – студэнтка, яна вучыцца на філалагічным факультэце БДУ. Захоплены эмоцыямі, па нашай просьбе, Алесь не змог узгадаць дакладныя абставіны знаёмства з будучай жонкай, але на ўсё жыццё яго захапілі яе чароўныя вочы.

Вядома, што Алесь Таболіч – вялікі аматар этнікі і гісторыі. Таму не дзіўна, што і вяселле складалася з 2-х частак: сучаснай, са строгімі строямі і белай фатой, і традыцыйнай – у народных уборах з гармонікамі, цымбаламі і скрыпкамі.

                  Алеся, Алесь і супрацоўніца музею ў Строчыцах Валянціна Фёдараўна.

На баку народнасці і этнічнасці вяселля ў гэты вечар выступаў яшчэ адзін каларытны персанаж. Супрацоўніца музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Валянціна Фёдараўна павінна была цягам гадзіны правесці ўсе неабходныя абрады так, як гэта рабілі нашы продкі, і саступіць месца вядучаму вяселля Дзмітрыю Шуніну. Аднак Фёдараўна, відаць, вырашыла так проста не здавацца. Амаль тры гадзіны па загадах жанчыны госці пелі, плясалі і чыталі віншаванні.

                                                             Гурт "Баламуты"

Атмасфера была вельмі цёплай і пяшчотнай нават на канцэрце ў Рэактары, які адбыўся на наступны дзень. Уражанае вялікай колькасцю шчырай дабрыні і цяпла, якую атрымлівалі маладыя ад сваіх сяброў і прыхільнікаў, Еўрарадыё вырашыла нічога асаблівага не вынаходзіць і проста прапанавала гасцям выказаць свае зычанні Таболічам.

Ліцвіны
“Алесек, я табе зычу ўсяго самага лепшага, каб у цябе было больш канструктыву ў мазгах і па жыцці, – адгукнуўся на нашу прапанову бубнач гурта "Зніч" Аляксандр Гарох. – Я жадаю вам шчасця з Алесяй, каб у вас у жыцці ўсё атрымлівалася. Гэта неардынарная сям’я, што адзін, што другі. І яны нарэшце знайшліся – “2 боты – пара”. У кожнага свае тараканы, свае прыколы. Я вас вельмі люблю, абдымаю, ваш Гарох”.

Лэслі Knife
Са сцэны рэактара Алеся і Алесю павіншавалі гурты РОКАШ", Sok, RockerJoker, Zm99, Unia і іншыя, а вядучым імпрэзы, як і абяцаў, быў Лэслі Найф.

Вакаліст нядаўна адроджаных Gods Tower, які апошнім часам пазіцыянуе сябе як адданага сем’яніна, з веданнем справы задаў курс сям’і Алеся і Алесі Таболічаў: “Цяпер такі час, што цяжка вызначыцца, чаго ж пажадаць. Здароўя, грошай, дзетак трэба, прынамсі дваіх, як у мяне. Чым болей нас – тым меней іх. Гэта добра, калі сям’я такая нестандартная. Бо калі стандартная – пралетарыі нараджаюцца: яна сталяр і ён муляр. А гэта трэба рабіць у творчай манеры”.

Многія не выходзілі ў той вечар на сцэну, але не ўпусцілі магчымасць выказаць свае віншаванні.

Павел Карнюшын, вакаліст грута Imprudence, пажадаў маладой сям’і Таболічаў “усяго-ўсяго” і падарыў набор касметыкі.

“Шчасця, кахання і дабрабыту. Я ведаю, што гэта будзе добрая сям’я”, – з сентыментальнай ноткай у голасе дадаў металіст.
                                Пад акампанемент Зніча спяваюць аднакласнікі Алесі
                                                        RockerJoker
                                                                     ZM99
                                                                             UNIA
                                                                               SOK
"Няхай ваша жыццё будзе такім як наша музыка", - пажадалі маладым хлопцы з гурта SOK.
                        Як нам патлумачылі, букет нявесты злавіў сябар мужа сястры Алеся Таболіча.
Бацькі маладых вельмі ўтульна пачуваліся на метал-канцэрце ў Рэактары.

“Яны такія незвычайныя асобы, што я ім пажадаю простага і звычайнага, – кажа бацька Алеся мастак Рыгор Таболіч. – Здароўя, чалавечага шчасця, добрых адносін. Можа нават нейкай сціпласці. А Алеся настолькі прыгожая, што я проста намаляваў яе ў нацыянальнай кашулі”.

Маці Алесі ўжо прызвычаілася да таго, што яе зяць – металіст і паганец, і бачыць у ім проста добрага чалавека і любіць як сына:

“Алесь для мяне адразу стаў родным, проста родная душа. Я яго люблю так, як любіла б сына. Пра такога зяця цешча можа толькі марыць”.

Такім чынам мы бачым, што бакі задаволеныя.
На канцэрце Еўрарадыё са здзіўленнем сустрэла шоўмэна Дзмітрыя Шуніна. Напярэдадні Дзмітрый забаўляў гасцей вяселля ў якасці вядучага, а ў Рэактары па-сяброўску адпачываў у кампаніі сваякоў і сяброў Таболічаў. Як высветлілася, гэта вяселле так зацягнула і ўразіла Дзмітрыя, што ён не змог проста так развітацца.

Дзмітрый Шунін: “Звычайным гэта вяселле назваць немагчыма, яно было вельмі нестандартным. Уся гэта задума з пераапрананнем (маладыя пераапраналіся з сучасных у старажытныя вясельныя строі), з Фёдараўнай, якая сапсавала мне свята. А маладым варта пажадаць проста кайфа нейкага жыццёвага,няхай яны падтрымліваюць гэтую атмасферу ў сваім жыцці, і ўсё ў іх будзе добра. Я вас абажаю!”
                                                              гурт ЛЮТОВЕРЬЕ
Ну, і фінал гэтай казкі просіцца сам сабой: і я там быў, мёд-піва піў, па вусах цякло, ну і гэтак далей. Еўрарадыё далучаецца да усіх пажаданняў, і віншуе Алеся і Алесю Таболічаў з тым, што нарэшце яны сталі поўнымі цёзкамі.

Фота: Tarantino, Віталь Зыблюк

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі