Віктара Каліну перавялі з мінскай калоніі ў наваполацкую

Шансанье Віктар Каліна змяніў свой турэмны адрас. Нядаўна ён этапаваны з турмы на вул. Кальварыйскай у Мінску ў Папраўчую Калонію № 10 г. Наваполацка. Як паведамляюць “Белорусские новости” са спасылкай на "Вячэрні Мінск", цяпер адзін з самых вядомых зняволеных знаходзіцца на карантыне, яго перавялі ў іншую калонію - у Наваполацк. Нягледзячы на тое, што ён сам прасіў аб пераводзе, Віктара Каліну здзівіла, што забралі яго на этап 14 сакавіка прама з неўралагічнага аддзялення рэспубліканскай лякарні, дзе яму зрабілі аперацыю.

За час знаходжання ў зняволенні Каліна напісаў больш 50 вершаў і 20 песень. Як ён піша ў "Лістах з няволі", размешчаных на яго сайце, спявак па-ранейшаму спадзяецца на памілаванне, з прашэннем аб якім ён і яго сябры і сваякі звярнуліся да Лукашэнкі: "Калі будзе адмова ў памілаванні, то вышэй даху ўжо не скочаш. Больш прасіць няма каго. Усё! Стаяначка! Прэзідэнт. Далей толькі надзея на амністыю 2009 года".