Віктар Смольскі сышоў з гурта Rage

Нямецкі метал-гурт Rage татальна распаўся ў другі раз. З каманды сышлі беларускі гітарыст Віктар Смольскі і бубнач Андрэ Хілгерс. Па сутнасці, цяпер адзіным удзельнікам Rage застаецца яго заснавальнік, басіст і вакаліст Петэр Вагнэр. Заява пра гэта была змешчаная на афіцыйным сайце Смольскага.

У гэтай сумеснай заяве Смольскага, які грае ў гурце апошнія 15 гадоў і Вагнера гаворыцца: "За апошнія гады мы зразумелі, што развіваемся ў розных кірунках, прычым, у такой значнай ступені, што больш не можам адпавядаць бягучай сітуацыі ў гурце. Працягваць было б няшчыра перад сабой і нашымі прыхільнікамі. У сувязі з гэтым мы таксама расстаёмся з барабаншчыкам Андрэ Хілгерсам".

Смольскі таксама заявіў, што збіраецца засяродзіцца на новым аркестравым праекце Lingua Mortis Orchestra, створаным ўдзельнікамі Rage ў 2013 годзе. Дэбютны альбом праекта запісваўся з аркестрамі ў Іспаніі і Беларусі. З гэтага праекта, у сваю чаргу, сыходзіць Петэр Вагнэр.

Смольскі і Хілгерс збіраюцца развіваць праект і прыцягваць у яго новых музыкаў.

Апошнім выступам гэтага складу Rage стаў канцэрт у Мінску, прысвечаны 30-гадоваму юбілею каманды, які музыкі адыгралі ў клубе Re:Public 4 лістапада 2014 года.

Фота: hitkiller.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі