Віфліемскі агонь прыбыў у Беларусь

У Беларусь прыбыў віфліемскі агонь. Раніцай 18 снежня ён быў запалены ад непагаснай лампады ў базіліцы нараджэння Хрыстова ў віфліеме. Прадстаўнікі скаўцкага руху з Польшчы перадалі яго беларускім скаутам, якія найперш даставілі агонь у Гродна. Лампада са святым агнём выстаўленая каля цэнтральнага алтара гродзенскага касцёла святога Францішака Ксаверыя. Кожны, незалежна ад веравызнання, можа запаліць ад яго свечку, каб прынесці віфліемскае святло ў свой дом.

19 снежня, Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў Мінск. У 21:00 адбудзецца ўрачыстае ўнясенне агню ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). У 22:00 Мітрапаліт Мінска-магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць святую імшу. Пасля літургіі адбудзецца сустрэча Мітрапаліта з моладдзю.

Віфліемскі агонь будзе дастаўлены таксама ў Ліду, Маладзечна і іншыя гарады Беларусі, а пасля яго перададуць у Расію, паведамляе сайт "Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі".