Васандані — эксперымент паміж джазам і поп-музыкай

Гэты канцэрт крыху адрозніваўся ад мінулых сумесных выступаў Apple Tea і амерыканскіх джазавых выканаўцаў. Гэтым разам музычны тандэм атрымаўся цёплым, сонечным, і па-восеньску аскомістым, а джаз камерным і светлым.

Інга Бухвалава і Віталь Ямуцееў

Бадай што такім жа па адчуваннях быў самы першы канцэрт, які зладзіла ў Мінску Эквілібрыўм Артс, калі ў Беларусь наведалася спявачка Тэса Сутэр. З такім меркаваннем пагаджаецца і бубнач Apple Tea Аляксандр Сапега.

Аляксандр Сапега: "І нават па музыцы нешта пераклікаецца, праўда? У іх творчасці ёсць нейкая атмасфернасць, рамантыка, пяшчота. І голас такі чысценькі! Інтэлектуальнасць у музыцы – гэта, вядома, добра, але, калі ў гэтай музыкі няма душы, то губляецца пасыл і ўжо не зразумела, для каго яна".

Дзіўны аксамітны голас, чароўнае абаянне і жывая манера выканання зрабілі сваю справу – літаральна з першай кампазіцыі гледачы заўсміхаліся, какетліва падпявалі спеваку і шчыра апладзіравалі. Вакал Сачала Васандані, які да таго ж сам з’яўляецца кампазітарам, выклікае светлыя і добрыя эмоцыі: слухаеш, глядзіш у яго шчырыя вочы і хочацца пачаць пісаць вершы, альбом маляваць. Альбо закахацца!

Некаторыя музычныя крытыкі спачатку скептычна ставіліся да таго, ці змогуць сыграцца музыканты і на гэты раз. А без добрых музыкантаў цяжка зразумець, наколькі добры вакаліст. Бо каб падрыхтавацца да канцэрту, мала зняць ноты і парэпетаваць. Самае галоўнае – грув! А, як вядома, Apple Tea любяць пагрувіць!

Аляксандр Сапега: "Мы ж грувовыя чувакі! Заўжды удзялялі і удзяляем гэтаму першараднае значэнне. На рэпетыцыі я заўважыў, што Сачал выдыхнуў з палёгкай, і усе яго сумненні зніклі, калі ён пачуў, як мы акампаніруем. І толькі дадаў: "grooving, grooving!" Ён раслабіўся і кайфаваў!"

Да таго ж Сачал – майстар імправізацыі! Ён выдатна інтаніраваў і свінгаваў, але, тым не менш, усё гэта разам не давала адчування цяжару. Наадварот – пакідала празрыстасць і лёгкасць у музыцы.

Выступ Сачала Васандані складаўся з невялікай часткі вядомых джазавых стандартаў. Пераважалі аўтарскія кампазіцыі музыканта. Да таго ж Сачал прыдумвае свае версіі сусетна вядомых джазавых твораў і дадае ў іх цікавыя аранжыроўкі.

Пад рамантычныя балады пра каханне, якія прагучалі бліжэй да канца канцэрту, расчуліліся нават мужчыны…. і заспяшаліся набываць дыскі Сачала Васандані для сваіх каханых.


Добрыя словы сказаў Косця Гарачы: Сачал Васандані – прыемны чалавек. І, вядома ж, прыемна мець справу з прыемным чалавекам.

Наперадзе – новы джазавы сезон і новыя імёны. Зусім хутка ў Мінск наведаюцца "Міс Ачараванне" Шэнда Рул (Chanda Rule) з Нью-Йорку і намінанты лонданскай прэміі MOBO 2010 гурт Франэзіс (Phronesis).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі