Уладзімір Пугач падарыў Лявону Вольскаму выбарчы кодэкс

Яшчэ адзін канцэрт "Белай яблыні грому" Лявона Вольскага адбыўся пры поўным аншлагу ў к/з "Мінск".  Першая частка канцэрту складалася з кампазіцый "Белай яблыні грому". Апроч песень, што ўвайшлі ў пласцінку, прагучалі дзве новыя кампазіцыі — на творы "Амаль хрысціянскі тост за ворагаў" Уладзіміра Караткевіча і "Хто натхніць мяне на смерць" Анатоля Сыса.





Падчас выканання песні Янкі Купалы "Гэй, наперад!" Лявон спусціўся ў залу і заспяваў прыпеў разам з гледачамі.




Не абышлося і без цікавых дуэтаў — песню "Немец" на верш Францішка Багушэвіча Лявон Вольскі праспяваў з Аляксандрам Памідоравым, "Парушыўшы законы прыцягнення" Аркадзя Куляшова — разам з Ульянай Найдзен.





Паміж песнямі Лявон чытаў вершы, якія суправаджаліся відэаінсталяцыяй на вялікім экране на "задніку" сцэны. На экране з'яўляліся партэты паэтаў, дакументальнае відэа, якое падрыхтаваў Глеб Лабадзенка, карціны і чорна-белыя ілюстрацыі.

У другім аддзяленні "Крамбамбуля" выканала  свае вядомыя і даўно любімыя кампазіцыі, а таксама сем кампазіцый з новага альбома— традыцыйныя песні народаў Еўропы — харвацкія, французскія, нямецкія, беларускія ды іншыя.


Першай прагучала песня "Я нарадзіўся тут", падчас выканання якой да Лявона Вольскага далучыўся Зміцер Вайцюшкевіч.



За Змітром на сцэну выйшаў Уладзімір Пугач, які выканаў з Лявонам па-сяброўску шчырую кампазіцыю "Такога няма нідзе" і падараваў лідару "Крамбамбулі" "Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь", спасылаючыся на рашэнне Лявона паўдзельнічаць у выбарах у якасці назіральніка.




Наступны дуэт для большасці прысутных стаў прыемным сюрпрызам — на сцэне з'явілася шчырая і ўсмешлівая будучая мама Аня Хітрык.


Следам прагучалі кампазіцыі "Дай мне знак", "Карчомка", "Кура", "Сівы конь", "Адвакат", "Гэта не ветразь" ды іншыя. Адмыслова да гэтага канцэрту музыканты падрыхтавалі і новае інструментальнае інтра — падобныя да ірландскіх матывы аўтарства Паўла Трацяка.








Скончыўся канцэрт песняй "Vive le Matin" ("Хай будзе дзень"), прэзентацыя якой адбылася сёлета на фестывалі Be2gether, ды ўлюбёнай "Госці" "на біс". З прыпевам  "Хай будзе дзень" на сцэну да Лявона Вольскага выйшлі ўсе ўдзельнікі канцэрту.







Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі