Украіна: апошнія мітынгі перад выбарчай цішай

Ва Украіне пачалася выбарчая ціша перад галасаваньнем 30 верасня. На апошніх мітынгах кіраўнікі асноўных выбарчых сілаў маліліся за перамогу і пераконвалі, што толькі з імі Украіна пакіруе ў светлую будучыню.  Віктар Януковіч, лідэр прарасійскай Партыі рэгіёнаў, якая перамагае ў апытаннях, асцярог ад галасавання за празаходнія блокі Юліі Цімашэнкі і Віктара Юшчанкі:

“Яны прапануюць вам лозунг “Украіна для ўкраінцаў”, адзіную мову і адзіную царкву. Будуюць свой патрыятызм на скрайнім нацыяналізме. Хочуць для нас такой Украіны, у якой з намі не будуць лічыцца”.

Януковіч прамаўляў да 4 тысяч сваіх прыхільнікаў на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.
Прыхільнікі Юліі Цімашэнкі сабраліся на Сафійскім пляцы. Іхная кіраўнічка перапрашала за памылкі палітыкаў і часта звярталася да Бога.

Лідэр блоку “Наша Ўкраіна”-“Народная Самаабарона” Віктар Юшчанка ў пятніцу  выступіў у вечаровым тэле-ток-шоў, дзе зганіў палітыкаў, якія дагэтуль “лічаць свой народ маларосамі і хахламі” і пахваліў украінскі палітычны клас “за ўзрастанне талерантнасці да праціўніка”.

Нагадаем, што ў нядзельных выбарах бяруць удзел 20 блокаў і груп. Вынікі экзыт-полаў стануць вядомымі ў нядзелю а 22-й па мінскім часе, а папярэднія вынікі выбараў ЦВК абвесціць а 9-й раніцы ў панядзелак.

Паводле korespondent.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі