У Віцебску абралі самага ветлівага міліцыянта

Конкурс на самага ветлівага міліцыянта прайшоў у Віцебску. У ім узялі ўдзел больш за трыццаць супрацоўнікаў ДАІ, інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзелаў па грамадзянству і міграцыі ды іншых міліцэйскіх службаў. Каб даказаць сваю культуру і ветлівасць, міліцыянты не толькі адказвалі на пытанні пра сябе і свае адносіны да грамадзянаў, але прайшлі псіхалагічнае тэставанне ды прадэманстравалі сваю ветлівасць на практыцы.

Канкурсантам прапанавалі паўдзельнічаць у ролевых гульнях, дзе міліцыянты, вядома ж, былі самімі сабой, а іх калегі ператвараліся ў нахабных, хітрых ці прыдуркаватых правапарушальнікаў. Па выніках конкурсу самым ветлівым ды культурным міліцыянтам Віцебшчыны стаў супрацоўнік ДАІ Юры Шаўро.

Ён здолеў "адбіцца" ад істэрычных асобаў на "бацькоўскім сходзе", куды ДАІшніка запрасілі з лекцыяй, і нікога пры гэтым не абразіць.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі