У склад Drum Ecstasy увайшла "Міс Беларусь"(+фота)

Новымі ўдзельнікамі галоўнага барабаннага гурта краіны — Drum Ecstasy — абраныя "Міс Беларусь", "Віцэ-міс Інтэркантыненталь" і музыка Зміцер Харытановіч. Пра гэта распавёў Еўрарадыё фронтмэн каманды Філіп Чмыр, вярнуўшыся са здымак праграмы “Бойка тытанаў”, што адбывалася ўва Францыі.

Філіп Чмыр: "Рэч у тым, што мы толькі прыехалі з “Бойкі тытанаў”, дзе працягвалі кастынг бубначоў. У кастынгу паўдзельнічалі "Міс Беларусь" і "Віцэ-міс Інтэркантыненталь". Мы прымаем іх у наш гурт. Але яны занятыя, таму прафесійны музыка будзе іх замяняць. Мы вось такую форму прыдумалі. Гэта будзе Зміцер Харытановіч. На дадзены момант Дзіма працуе з намі, і мы радыя гэтаму. Ён жа рады, што замяняе "Міс Беларусь"!"

"Міс Беларусь" Людміла Якімовіч

Сам Зміцер Харытановіч, вядомы сваёй працай па гуртах “Лепрыконсы”, “Hasta la Fillsta”, “Pomidor/Off”, “Zet”, з радасцю прыняў прапанову замяняць "Міс Беларусь" у знакамітым гурце.

Зміцер Харытановіч: “Мне выпаў вялікі гонар замяняць "Міс Беларусь" у складзе гурта Drum Ecstasy. І са свайго боку я паспрабую зрабіць усё магчымае для таго, каб "Міс Беларусь" спакойна ездзіла па сваіх конкурсах і не хвалявалася за гучанне гурта ў яе адсутнасць”.

Паводле словаў Змітра Харытановіча — аднаго з найлепшых фанкавых і ўніверсальных бубначоў Мінска, праца ў Drum Ecstasy дае магчымасць развіцця і далейшага росту як музыкі, так і асобы.

Зміцер Харытановіч: “Спачатку давялося тупаць нагою па прывычцы, давялося раскідаць дзве нагі на дзве рукі. Тут недзе трэба іграць сола, недзе саступаць, недзе граць разам. Гэта абсалютна адэкватная праца з адэкватнымі людзьмі. Як любы нармальны чалавек, які хоча развівацца і ісці далей, я проста бяру нешта новае, складаю яго са сваім старым напрацаваным — у выніку атрымоўваецца чарговае развіццё і нестаянне на месцы”.

На гэтым тыдні гурт Drum Ecstasy сыходзіць у месячны адпачынак. Паводле Філіпа Чмыра, у верасні каманда ў абноўленым складзе выступіць на фэсце “Рок па вакацыях”.

Нагадаем, месяц таму гурт Drum Ecstasy пакінуў яго самы малады ўдзельнік Аляксандр Кузьмін. Пасля гэтага каманда аб’явіла кастынг, патрабаваннямі якога былі “пажаданая акадэмічная адукацыя, свабоднае валоданне бубнамі, альтэрнатыўнасць мыслення, веданне англійскай мовы, гатовасць да шчыльнага канцэртнага графіку, пасведчанне кіроўцы і транспарт, пачуццё гумару. І рост бубнача павінен быць не большы за 180 см".

Еўрарадыё пра Drum Ecstasy:  drum ecstasy шукаюць бубнача

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі