У Расіі пачалася перадвыбарчая агітацыйная кампанія

Перадвыбарчы парламенцкі марафон у Расіі ўступае ў сваю самую актыўную фазу. З сённяшняга дня ў сродках масавай інфармацыі пачынаецца агітацыйная кампанія. Усім 11 палітычным партыям, дапушчаным да ўдзелу ў выбарах, прадстаўлены бясплатны эфірны час у прайм-тайм на трох федэральных тэлеканалах і трох радыёстанцыях. Акрамя размяшчэння рэкламных ролікаў яны будуць праводзіць дэбаты, удзельнічаць у якіх пагадзіліся ўсе партыі, за выключэннем "Адзінай Расіі", якая вырашыла адмовіцца ад спрэчак з канкурэнтамі, каб патраціць эфірны час на тлумачэнне палажэнняў сваёй перадвыбарчай праграмы.

Сёлетнія парламенцкія выбары, якія адбудуцца 2 снежня, пройдуць па прынцыпова новай схеме. Усе 450 дэпутатаў будуць абраныя толькі па партыйных спісах. Мінімальны прахадны бар'ер у парламент устаноўлены на ўзроўні 7% замест ранейшых 5%, забаронена таксама фармаванне выбарчых блокаў.

Акрамя таго, скасаваны мінімальны парог яўкі выбаршчыкаў і графа "супраць усіх" у бюлетэнях.

БЕЛТА