У Мінску знікаюць прадаўцы элітных машын

На аўтамабільным форуме з'явілася інфармацыя, што ў Мінску зніклі некалькі ўладальнікаў BMW X5. Злачынцы працуюць паводле адной схемы: тэлефануюць з аўтамата і просяць пад'ехаць паглядзець аўтамабіль.
Як піша наведвальнік форуму сайта onliner.by, знікла ўжо 3 чалавекі. Сябра аднаго прадаўца, якому пашанцавала збегчы ад злачынцаў, сцвярджае:
"Тэлефанавалі з таксафона каля гіпера, прасілі пад'ехаць да ўваходу са словамі "У нас няма мабілы", там сустрэнемся... Паглядзелі машыну, папрасілі на яме паглядзець, потым сказалі, як звычайна, "падумаем". Яго тады яшчэ здзівіла, што на машыну не глядзелі, а глядзелі на яго пільна... А ў яго рэпа яшчэ тая: няголены, у кепцы, трэніках... Раз'ехаліся, а потым праз пару дзён патэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС, папрасілі пад'ехаць. Расказалі, што зніклі 3 чалавека, прадаўцы Х5 2001-2003".
У сталічнай міліцыі пакуль не каментуюць інфармацыю наконт трох чалавек, але пацвярджаюць, што знік адзін малады хлопец.
28-гадовы Андрэй Барысаў паехаў на сустрэчу на аўтастаянцы гіпермаркета "Мацярык", што на вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Ён знік 19 лістапада. Маладому чалавеку патэлефанавалі з таксафона ў станцыі метро "Каменная горка".
"Яму патэлефанавалі — і ён паехаў. Здзіўляе, што ён адзін паехаў, ён звычайна так не робіць. Калі ён нават прадаваў машыны да гэтага, то да яго прыязджалі людзі. Ён паехаў, каля 15 была сустрэча, і ўсё... Мы званілі яму каля 17, і ён ужо не адказваў. Тэлефон яшчэ быў уключаны, але трубку ён не здымаў", — кажа маці Андрэя Барысава Наталля.
Жанчына спадзяецца знайсці сына з дапамогай людзей, якія маглі нешта бачыць, бо ўсё адбылося побач са станцыяй метро "Каменная горка". Андрэй збіраўся пасля зайсці ў краму па прадукты.
"Я проста хачу, каб людзі дапамаглі. Можа, нехта бачыў, пачуе вас і зможа дапамагчы мне знайсці сына. Любы чалавек, калі бачыў і баіцца падысці, — няхай проста патэлефануе ў міліцыю і скажа, што ляжыць чалавек. Хай нават не мой сын: мне сёння следчы сказаў, што кожныя 10 дзён знікае чалавек".
Міліцыя шукае зніклага хлопца і аўто BMW X5, нумар 6830 МА-7, чорнага колеру.
Сам Андрэй быў апрануты ў кароткую чорную скураную куртку, светла-сінія джынсы, блакітны світэр у палоску, чорныя туфлі, светла-шэрую майку. 
Яго падрабязныя прыкметы — на сайце ГУУС. Калі нехта бачыў падобнага чалавека ці аўтамабіль, тэлефануйце па нумары (017) 252-02-02 ці 102.
Фота: guvd.gov.by, abw.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі